Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні мітынгу ў парку Дружбы народаў

Дом пачалі будаваць яшчэ ў 2009 годзе, аднак на сённяшні дзень ён гатовы толькі на 6%. Уся будоўля замарозілася на ўзроўні трэцяга паверха, бо, як аказалася, фірма не мае сродкаў на працяг будаўніцтва.

Стомленыя перапіскай з разнастайнымі дзяржаўнымі арганізацыямі жыхары адважыліся падаць заяўку на правядзенне мітынгу.

Чыноўнікі адмовілі грамадзянам у правядзенні масавага мерапрыемства ужо трэці раз запар. Гэтым разам яны спаслаліся на тое, што 15 траўня ў парку Дружбы народаў запланаванае правядзенне іншага мерапрыемства.

Раней адмаўлялі з прычыны таго, што ў парку праходзіў моладзевы суботнік, а таксама таму, што арганізатары ў звароце не пазначылі абавязкі асобы, якая адказная за правядзенне мерапрыемства.

Заяўку на правядзенне мітынгу падавалі грамадзяне, якія хацелі выказаць сваю пазіцыю адносна невыканання патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб навядзенні парадку ў сферы будаўніцтва. У прыватнасці, адносна бяздзейнасці органаў улады, нягледзячы на звароты дольшчыкаў.

Колькасць заяўленых удзельнікаў масавага мерапрыемства складала 200 чалавек. Распавядае дольшчык і заяўнік мітынгу Сяргей Шунько:

“Лапцеў, намеснік Шорца па будаўніцтве, неаднаразова ў СМІ заяўляў, што выпрацаванае рашэнне адносна нас. Мы пішам лісты, каб нам расказалі пра гэтае рашэнне, але нічога не адказваюць. На асабістай жа сустрэчы мы дазнаемся, што ў кіраўніцтва горада няма ніякіх планаў і дзеянняў адносна нас. Усе проста адседжваюцца ў крэслах. Выдалі загад №256, у адпаведнасці з якім тыя, хто будуецца па долевым будаўніцтве, маюць права на замену забудоўшчыка. Мы ж адпачатку будавалі жыллё па аблігацыях, і на нас гэты ўказ не распаўсюджваецца”.  

Сяргей адзначае, што сітуацыя, у якой аказаліся ўсе дольшчыкі, унікальная і адзіная ў Беларусі. Яшчэ некалькі гадоў таму грамадзяне заўважылі, што нешта ідзе не так, і пачалі перапіску з дзяржорганамі. Дзіўна тое, што на канец 2014 года іх дом у спісе даўгабудаў не значыўся.

“Звярталіся ў гарвыканкам, каб правялі аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці “Валыні”, каб напісалі ў адпаведныя структуры — аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і г.д. Мы казалі на прыёме ў чыноўнікаў, што ў кампаніі няма грошай, — яны не будуюць, яны ў даўгах. Больш за тое, калі яны пачалі прадаваць уласную маёмасць за бясцэнак падстаўным асобам, мы яшчэ больш пачалі біць у набат, але на нас усё роўна ніхто не звяртаў увагі. Мы спрабавалі прыцягнуць увагу да таго, што кампанія банкрут, але на не зважалі”, — кажа Сяргей Шунько.

Тым часам з адказу пракуратуры Мінска стала вядома, што на дырэктара ААТ “ВалыньКаваленку, а таксама на камерцыйнага дырэктара Собалева заведзеныя крымінальныя справы. 23 красавіка ім выстаўленыя абвінавачанні па ч.2 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”. Абодва з 16 красавіка змешчаныя пад варту. 

Падманутыя дольшчыкі працягваюць змагацца за сваё жыллё і чакаюць адказу яшчэ на два звароты ў гарвыканкам аб дазволе на правядзенне мітынгаў.

Фота: onliner.by

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі