Вы тут

Мінгарсуд пакінуў Марыю Калеснікаву пад вартай

Марыя Калеснікава / Еўрарадыё

Марыя Калеснікава застанецца пад вартай да пачатку лістапада. Такое рашэнне прыняў 25 верасня Мінскі гарадскі суд. 

Абарона Калеснікавай абскарджвала рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска, які прыняў рашэнне пра арышт Калеснікавай. Пасяджэнне было закрытым. На ім прысутнічаў адвакат Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка. Другая абаронца Калеснікавай, Людміла Казак, напярэдадні была затрыманая па абвінавачанні ў адміністрацыйным правапарушэнні. 

Саму абвінавачаную на суд не прывезлі.

Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Мінска 7 верасня. 8 верасня яе спрабавалі выставіць за межы Беларусі, але яна парвала свой пашпарт. У той жа дзень яе затрымалі.  

Марыі Калеснікавай, а пазней адвакатам Максіму Знаку і Іллю Салею выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса "Заклікі да дзеянняў, накіраваных у шкоду знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абароназдольнасці". Усе яны ўзятыя пад варту. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.