Вы тут

Мінэнерга: пастаўкі ва Украіну былі нязначнымі. А як на самай справе?

Чыноўнікі спадзяваліся прадаваць электраэнергію з АЭС ва Украіну / Еўрарадыё

Мінэнерга Беларусі заявіла, што пастаўкі беларускай электраэнергіі ва Украіну былі нязначнымі. Так ведамства адрэагавала на сённяшнюю адмову Украіны ад імпарту электраэнергіі з Беларусі да 1 кастрычніка 2021 года.

А як на самай справе?

У першым квартале 2021 года Украіна была адзіным пакупніком беларускай электраэнергіі. Было прададзена 514 тысяч кілават-гадзін на $23,9 мільёна.

У 2020 годзе пастаўкі ва Украіну былі значна меншымі. Але яна ўсё роўна была другім па велічыні пакупніком беларускай электрычнасці. За мінулы год Беларусь зарабіла на суседцы $7,7 млн. Акрамя Украіны, у 2020 годзе нашу электрычнасць куплялі Літва ($26,4 млн), Эстонія ($81,7 тысячы), Латвія ($35,2 тысячы) і Расія ($6,4 тысячы).

Яшчэ ў лютым мінулага года Уладзімір Зяленскі даручыў Мінэнерга Украіны знізіць імпарт вугалю і электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Апошнім часам гэты працэс актывізаваўся — і 26 траўня прыйшоў да забароны.

Нягледзячы на сітуацыю, якая склалася, у Мінэнерга "нацэлены на канструктыўнае ўзаемадзеянне і, калі гэта спатрэбіцца, гатовыя арганізаваць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну".

"Забарона на пастаўку электраэнергіі з Беларусі ва Украіну дзейнічала і раней — з красавіка да снежня 2020 года. Пасля яе заканчэння камерцыйныя ператокі электраэнергіі аднавіліся, і ў час неспрыяльных умоў надвор'я ў зімовы перыяд украінскі бок неаднаразова звяртаўся да Беларусі з запытам аб пастаўках электраэнергіі, неабходнай для забеспячэння ўстойлівай работы сваёй энергасістэмы", — дадаюць у Мінэнерга Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.