Вы тут

Мінчуку прысудзілі 15 сутак за БЧБ-бранзалеты — суд палічыў гэта пікетаваннем

Бранзалет на руцэ ў мужчыны пабачыў нехта з прысутных у кафэ і выклікаў міліцыю

Мінчук Арцемій Нікіценка арыштаваны на 15 сутак за пікетаванне, якое ён зладзіў у кафэ шляхам "дэманстрацыі БЧБ-бранзалетаў на руках з надпісам "Жыве Беларусь", паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на тэкст пратакола.

У сваіх паказаннях Арцемій распавёў, што піў каву з сяброўкай у сталічным кафэ "Культура". На левай руцэ ў 27-гадовага мужчыны былі два бранзалета, а на правай — адзін. Па яго словах, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кафэ і выклікаў міліцыю. На месца "правапарушэння" прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках.

Справа была разгледжана ў судзе Першамайскага раёна ў чацвер. Суддзя Анастасія Кулік палічыла віну Нікіценкі даказанай і прысудзіла яму 15 сутак арышту па арт. 24.23 КаАП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.