Вы тут

Мінчукі выжываюць са свайго дома кафэ "Цымес": антысемітызм або праведны гнеў?

Кавярня "Цымес" / Еўрарадыё

На першым паверсе жылога дома па вуліцы Карла Маркса, 17 у траўні адкрылася кафэ ізраільскай кухні Cimes. Установа, якая вылучае разнастайныя пахі, пачала працаваць, хоць у будынку яшчэ не быў скончаны капітальны рамонт.

Праз некалькі дзён да шуму і пылу ад рабочых дадалася яшчэ адна праблема: скаргі і "дробныя гадасці" ад жыхароў дома. То яны праверку на кафэ нацкуюць, то цагліну ў вентыляцыю падкінуць... Саўладальніца кафэ Валерыя Суроўцава не вытрымала і апублікавала ў "Фэйсбуку" свой крык душы — пра тое, як мясцовыя жыхары бессаромна цкуюць установу. Але ў жыхароў дома № 17 свая праўда. Еўрарадыё выслухала ўсіх.

"Духман такі стаіць, што хоць тапор вешай"

"Мне здавалася, што капрамонт нашага агульнага будынка, нягоды і нязручнасці павінны гуртаваць і аб'ядноўваць нават самых розных людзей; мне здавалася, што ў нас адна мэта: спакойнае, камфортнае і, галоўнае, — дружнае жыццё", — расказвае Суроўцава. Але рэчаіснасць аказалася зусім не такой радаснай: некаторым жыхарам дома кафэ не спадабалася з першых дзён існавання. Яны прыходзілі скардзіцца на пах ежы і на тое, што "сцены грэюцца так, што дзіця страшна мыць у ваннай". І казалі, што "лепш бы замест кафэ адкрылася оптыка або крама".

relax.by

Жыхары дома, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, не захацелі называць сябе, але выказалі сваю пазіцыю. Маўляў, кафэ адкрылася з парушэннямі. Больш за тое, уладальнікі ўстановы скарысталіся бездапаможнасцю мясцовых жыхароў падчас капітальнага рамонту:

"Нас нават не спыталі, ці хочам мы кафэ ў сябе тут. І яны ў парушэнне закона падчас капітальнага рамонту пачалі праводзіць свае работы ў памяшканні і яшчэ да завяршэння асноўных работ па рамонце — адкрыліся. Паставілі на кухні выцяжку і ўрэзаліся ў агульнадамавую вентыляцыю, якая прызначана для жылых кватэр. Па законе ў кафэ павінна быць асобная вентыляцыя. У другім пад'ездзе духман такі стаіць, што хоць тапор вешай. У людзей у кватэры прапахла ўсё: адзенне і мэбля".

"Смярдзючы "Цымес" — антысемітызм?

Больш за ўсё Валерыю Суроўцаву расстроіла тое, што за нападамі на кафэ стаіць антысемітызм. Бо ў працэсе зносін яна неаднаразова чула фразы ў стылі "смярдзючы "Цымес".

"Мы, тым не менш, ішлі на адкрыты дыялог, сцяўшы зубы, але па-ранейшаму ўсміхаючыся. Мы нават паказалі суседзям усе дакументы, каб яны былі ўпэўненыя: у нас усё ўзгоднена, усё законна. Дарма. Наіўныя. Дакументы па законе мы павінны паказваць толькі прадстаўнікам адпаведных органаў, але нам жа было, як дзецям, важней за ўсё даказаць сваю невінаватасць перад азлобленымі незразумела на што людзьмі, паказаць ім — вось мы, адкрытая кніга".

Але жыхары сцвярджаюць, што справа зусім не ў тым, што "Цымес" — кафэ ізраільскай кухні:

"А што, калі б гэта было кафэ мангольскай кухні або в'етнамскай? Мы што, былі б антыманголамі або антыв'етнамцамі? Справа зусім не ў тым, што гэта кафэ ізраільскай кухні, а ў паху, ад якога няма куды падзецца. І нядбайным стаўленні да жыхароў дома".

relax.by

Вандалізм на тэрасе

Нядаўна канфлікт выйшаў на новы ўзровень.

"Мае супрацоўнікі адной раніцай парадавалі мяне маляўнічымі фатаграфіямі параскіданага смецця на тэрыторыі нашай тэрасы і абрэзанага асвятлення. Відэа з камер паказала, што гэты акт вандалізму здзейсніў малады чалавек у чысцюткіх белых красоўках і з заплечнікам за плячыма. У**ак проста вынес ад смеццевых бакаў велізарны пакет з нечыстотамі, стрымана раскідаў яго па нашай летняй пляцоўцы і зрэзаў шнур гірлянды", — піша ў сябе ў "Фэйсбуку" Валерыя.

Жыхары дома адмаўляюць, што маюць да гэтага нападу нейкае дачыненне. Сярод іх ёсць нават тыя, хто лічыць, што гэта грубая інсцэніроўка: "Мусіць, які-небудзь іх знаёмы спецыяльна на камеру ўсё гэта і зрабіў".

Дакументы

Абодва бакі напіраюць на тое, што ў іх усё ў парадку з дакументамі. Саўладальніца "Цымеса" кажа, што праверкі дзяржорганаў парушэнняў у рабоце кафэ не выявілі. А прычына, з якой разгарэўся канфлікт, у няўдала спраектаванай газавай трубе, якая павінна прайсці праз адну з кватэр. Жыхар лічыць, што гэта істотна паменшыць яе рынкавы кошт, і хацеў бы, каб труба прайшла праз нежылое памяшканне. Але "Цымес" не выкарыстоўвае газ, і існуючыя нормы не дазваляюць яго туды правесці. Іншая рэч, калі б на месцы ізраільскага кафэ была крама оптыкі, як раней...

Жыхары дома ж заяўляюць, што ў іх ёсць дакументы, дзе задакументаваныя парушэнні кафэ:

"Ёсць дакументы ад правяраючых органаў аб усіх парушэннях кафэ, уключаючы незаконную ўрэзку ў вентыляцыю, няправільны аварыйны выхад, які выводзіць не на вуліцу, а ўнутр дома, парушэнні санэпідэмнормаў".

Праўда, паказваць гэтыя дакументы журналісту Еўрарадыё яны не спяшаюцца.

Прэцэдэнтаў, калі жыхары дома выжывалі ўстановы грамадскага харчавання з наседжаных месцаў, у Мінску ўжо былі. Але і выпадкаў, калі ў канфліктнай сітуацыі ўдавалася дамаўляцца, хапае. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзей.