Вы тут

Мінчук на канцэрце ў Палацы Рэспублікі збіў кантралёрку

Палац Рэспублікі / uks.by

Пракуратура Цэнтральнага раёна сталіцы накіравала  суд крымінальную справу на 46-гадовага мінчука С. Яго вінавацяць у хуліганстве, перадае прэс-служба Генпракуратуры.

Нагодай стаў інцыдэнт, які адбыўся 12 лістапада 2019 года. Мужчына ў кампаніі сяброў быў на рок-канцэрце гурт Nazareth. Кампанія купіла квіткі ў ложу. У нейкі момант мужчыны пачалі танчыць, размахваючы рукамі і ўключаючы ліхтарык.

27-гадовая кантралёрка Палаца зрабіла ім заўвагу і прапанавала спусціцца ў партэр, дзе можна было танчыць. Заўвага не спадабалася мужчыну: ён схапіў дзяўчыну рукамі за шыю і тулава, а потым стукнуў яе галавой аб крэсла і цягаў рукамі за валасы.

У сваіх сведчаннях пацярпелая расказала, што зрабіла заўвагу, бо кампанія не датрымоўвалася тэхнікі бяспекі. Мужчына, які наапў на кантралёрку, заявіў, што не зразумеў яе словы. А паколькі тая не адказала на яго пытанні, то ён ужыў супраць яе сілу.

Дарэчы, абвінавачаны папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці і пакараць адміністрацыйна. Але пракурор раёна адхіліў хадайніцтва з-за дзёрзкасці злачынства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.