Мінчанка знайшла ў Крыме сына, якога ў яе скралі чатыры гады таму
Мінчанка Святлана Рудзянкова знайшла ў Крыме сына, якога ў яе скралі чатыры гады таму. Магчыма ўжо сёння 10-гадовага Рамана Смолева прывязуць у Беларусь. Як інфармуе сайт kerch.fm, хлопчык знік летам 2013 года. Былы муж жанчыны ўзяў сына да сябе ў Гомель на два тыдні і не вярнуў яго — яны зніклі. У тым жа годзе бацьку, Аляксандра Смолева, завочна пазбавілі бацькоўскіх правоў. Была распачатая крымінальная справа, хлопчыка шукалі па лініі Інтэрпола, аднак вынікаў не было.
Нядаўна пашуковікі з атрада “Анёл” папрасілі расійскіх калег у чарговы раз распаўсюдзіць арыенціроўку на Рамана. Пасля гэтага з Керчы на сувязь выйшлі дзве жанчыны, якія ведаюць хлопчыка. Яго маці паляцела ў Керч. Паводле рашэння суда, у Рамана толькі адзін законны прадстаўнік — яго маці, і толькі з ёй ён можа жыць, у Беларусі. Бацька, вядома ж, супраціўляўся, даваў скандальныя інтэрв’ю мясцовым СМІ, але нічога не мог зрабіць — закон на баку яго былой жонкі. Дарэчы, мяркуецца, што ён вывез сына ў Крым па дакументах на чужое прозвішча.
Святлана Рудзянкова паведаміла парталу tut.by, што яна вылятае з сынам ў Мінск праз Маскву.