Мінадукацыі прапануе пасля войска прымаць у ВНУ па-за конкурсам

Мінадукацыі прапануе пасля войска прымаць у ВНУ па-за конкурсам

Міністэрства адукацыі прапануе абітурыентаў, якія адслужылі ў войску, прымаць ва ўніверсітэты па-за конкурсам, інфармуе партал TUT.by. 

Праўда, для такіх абітурыентаў ёсць чатыры ўмовы: трэба мець высокія балы ў атэстаце, паступаць на запатрабаваную эканомікай спецыяльнасць, атрымаць рэкамендацыйны ліст з вайсковай часці і здаць ЦТ на балы не ніжэй за парогавыя.

У каментары TUT.by начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч распавёў, што адпаведныя змены выкладзеныя ў новым праекце правілаў прыёму ў ВНУ. Прымаць такія правілы будуць не раней, чым у наступным годзе. Які павінен быць бал атэстата для такіх абітурыентаў, яшчэ абмяркоўваецца. Гаворка пры гэтым ідзе пра вышэйшую адукацыю першай ступені.

Пералік запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў Мінадукацыі зацвярджае разам з Міністэрствам эканомікі. Напрыклад, сёлета такімі спецыяльнасцямі былі прызнаныя аграномія, ветэрынарная медыцына, лясная гаспадарка, металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка, тэхналогіі электрахімічных вытворчасцей ды інш. 

Па словах Каспяровіча, Мінадукацыі прапанавала такія новаўвядзенні задоўга да прыняцця "закона аб адтэрміноўках".

Нагадаем, скандальны "закон аб адтэрміноўках" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня. Закон набудзе моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Пакуль што ён не апублікаваны. 

Паводле новага закона, атрымаць адтэрміноўку ад войска для навучання можна будзе толькі адзін раз. Перад тым як працягнуць адукацыю, трэба будзе адслужыць. Таксама ваенкаматы змогуць ствараць спісы невыязных з краіны, калі прызыўнік, на іх думку, належным чынам атрымаў позву, а ў ваенкамат не з'явіўся. 

У Міністэрстве абароны кажуць, што ўжо сёлета могуць забраць у войска першакурснікаў, якія раней скончылі каледж і такім чынам атрымалі сваю адзіную адтэрміноўку. Таксама пад прызыў могуць трапіць аспіранты і маністранты. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі