Мінабароны патлумачыла словы міністра Хрэніна

Мінабароны патлумачыла словы міністра Хрэніна

Прэс-служба Міністэрства абароны выступіла з каментаром наконт нядаўніх публікацыяў у СМІ пра заявы кіраўніка ведамства Віктара Хрэніна.

Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", 19 жніўня Хрэнін выступаў на закрытай сустрэчы з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Мінабароны, Генштаба і Узброеных сіл. Там ён агучыў шэраг скандальных заяваў.

"Інфармуем, што ніякай закрытай нарады не праводзілася. Міністр выступіў на планавым інфармаванні, якое праходзіць рэгулярна", — пракаментавала гэта прэс-служба Мінабароны.

На гэтай сустрэчы Хрэнін, як паведамлялі журналісты, заявіў: "Нас заклікаюць, у тым ліку і Ціханоўская, якая кажа: не выконвайце злачынныя загады. Гэтая жанчына нас заклікае да здрады, парушэння закона — не выконваць загады. Злачынны ён, не злачынны… Мы людзі ваенныя".

У Мінабароны лічаць некарэктным трактаваць гэтую заяву як заклік да выканання злачынных загадаў. 

"Мы бачым, што ў сеціве ўжо трактуюць выступ міністра як тое, што ён "пераконваў афіцэраў у тым, што яны павінны выконваць любы загад, нават злачынны".

Выкананне загадаў выразна рэгламентавана статутамі. Пункт 35 Статута ўнутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь вызначае, што "загад — абавязковае для выканання, выказанае ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам вуснае або пісьмовае загад начальніка".

Больш за тое, само ўжыванне Узброеных Сіл дакладна вызначана законамі і ваеннай дактрынай Беларусі", — падкрэслівае прэс-служба вайсковага ведамства.

Таксама прэс-служба Мінабароны прыводзіць словы Хрэніна на пачатку комплекснага тактычнага вучэння на гродзенскім напрамку: "Мы ўсе беларусы. Гэта наша зямля, і мы яе нікому не аддамо".

"Гэта ўсё, што трэба ведаць пра пазіцыю міністра абароны", — пафасна дадаюць у Мінабароны.

Між тым, у сваёй прамове Хрэнін казаў і пра блізкасць грамадзянскай вайны ў Беларусі: "Так, мы, магчыма, увойдзем у грамадзянскую вайну, цана чалавечага жыцця губляе цану з кожным днём". Акрамя таго, ён заклікаў неадкладна сысці з войска тых, хто мае сумневы.

Гэтыя словы міністра прэс-служба Мінабароны чамусьці не патлумачыла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі