Вы тут

Міліцыя заяўляе, што ў затрыманых 15 сакавіка былі нажы і кастэты

Кадр з відэароліка

У маладых людзей, жорстка затрыманых у тралейбусе 15 сакавіка, нібыта, былі нажы і кастэты. Пра гэта паведаміў тэлеканал АНТ ўвечары 19 сакавіка ў праграме "Контуры"

Такім чынам, міліцыя вырашыла патлумачыць жорсткае затрыманне, відэаздымкі якога трапілі ў інтэрнэт. Вялікае абурэнне ў відавочцаў выклікала тое, што невядомыя людзі ў цывільным (як пазней выявілася, супрацоўнікі міліцыі) цягнулі па асфальце нават дзяўчат. 

Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мінска Іван Кубракоў заявіў, што міліцыянты ў цывільным дзейнічалі ў адпаведнасці з правіламі:

Кубракоў: "Вы ведаеце, ёсць тактыка працы, у тым ліку і ў месцах масавага знаходжання грамадзян. У дадзенай сітуацыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў дзейнічалі такім чынам, каб гэтыя правапарушальнікі не мелі магчымасці прычыніць фізічную шкоду простым грамадзянам, якія знаходзіліся ў тралейбусе. Мы ўсе выдатна бачылі, якія прадметы былі канфіскаваныя ў гэтых грамадзян - і нажы, і кастэты, маскі..."

Варта дадаць, што над затрыманымі ўдзельнікамі дазволенай мірнай акцыі ўжо адбыліся суды. Маладыя людзі былі асуджаныя на суткі адміністрацыйнага арышту. Ні нажы, ні кастэты на судах у якасці доказаў не фігуравалі. 

Як паведамлялася раней, 15 сакавіка ў Мінску прайшла дазволеная мірная акцыя супраць дэкрэта №3. У ёй прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек. Пасля акцыі міліцыя жорстка затрымала частку ўдзельнікаў — пераважна анархістаў. Паводле звестак СМІ, таксама былі затрыманыя і асуджаныя на суткі і звычайныя пасажыры тралейбуса, у якім удзельнікі ехалі з акцыі.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі