Міліцыя ў Мінску затрымала ўкраінскага журналіста і высылае яго з Беларусі

Украінскага журналіста Віталя Сізова, які прыехаў са здымачнай групай "Грамадскага тэлебачання Данбасу", затрымалі ўначы ў Мінску, паведамляе Радыё "Свабода". Журналіст незалежнага ўкраінскага тэлеканала, які вяшчае на Данбас, мусіў асвятляць перамовы Трохбаковай кантактнай групы, якія пройдуць 1 лютага ў Мінску. Пры гэтым ён атрымаў акрэдытацыю МЗС Беларусі.

У нумар гатэля, дзе спыніўся Сізоў, каля 2-й гадзіны ночы прыйшлі міліцыянты і забралі яго ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Як паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку сам журналіст, там яго пратрымалі да 6-й гадзіны раніцы.

Пасля гэтага яму паведамілі, што на працягу 24 гадзін ён мусіць пакінуць Беларусь, бо знаходзіцца ў расійскім "чорным спісе". Паколькі Беларусь уваходзіць з Расіяй у саюзную дзяржаву, то знаходзіцца ў Беларусі Сізову таксама забаранілі.