Міліцыя папрасіла прабачэння ў футбаліста, якога жорстка збілі падчас затрымання

Міліцыя папрасіла прабачэння ў футбаліста, якога жорстка збілі падчас затрымання

25 верасня пачнецца разгляд справы аб дамоўных футбольных матчах, якія праходзілі ў 2015-2016 гадах. Абвінавачанне па 253 артыкуле Крымінальнага кодэкса РБ ("подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў") высунутае 15 фігурантам, якім пагражае да чатырох гадоў зняволення.

Паўабаронцы “Нёман-АграСяргея Булынёнка, якому падчас затрымання праваахоўнікі зламалі скулу і костку пад вокам, а таксама змясцілі сківіцу, сярод фігурантаў справы не аказалася. Паводле прэс-рэліза МУС, які быў апублікаваны праз некалькі дзён пасля затрымання, апроч удзелу ў дамоўных матчах, футбаліста вінавацілі яшчэ і ў супраціўленні міліцыі.

“На трасе Ашмяны-Мінск пасля спынення машыны, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні абвясцілі ўцекачам пра мэту спынення, было прад'яўленае службовае пасведчанне. Чацвёра грамадзян выканалі патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і пакінулі транспартны сродак. Аднак футбаліст Булынёнак С.А. адмовіўся выйсці з машыны. Адхіліўшыся на заднім сядзенні аўтамабіля, ён некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спецпадраздзялення. У сувязі з гэтым да яго была ўжытая фізічная сіла. Іншага фізічнага ўздзеяння да футбаліста не ўжывалася. Дзеянням Булынёнка С.А., якія выявілася ў супраціўденні супрацоўнікам міліцыі, будзе дадзеная прававая ацэнка”.

Сяргей Булынёнак быў шакаваны такім прэс-рэлізам. "Нават слоў няма... Уявіце, як я мог біць супрацоўніка спецназа, калі людзі з пісталетамі нападаюць? Што я мог бы ім, узброеным, зрабіць? У такой сітуацыі яшчэ і адбівацца? Навошта мне гэта?” — пракаментаваў футбаліст заяву МУС.

Як высветліла Еўарарадыё, цяпер з Сяргея Булынёнка знялі ўсе абвінавачванні і нават не запрасілі ў суд у якасці сведкі. Да супрацоўнікаў МУС хлопец ніякіх прэтэнзій ужо не мае, перад ім выбачыліся, таму “ўсё ўжо забытае”.

“Ведаеце, мне падаецца, што гэтыя дамоўныя матчы былі і дагэтуль існуюць, — выказвае сваё стаўленне да сітуацыі паўабаронца. — Бо па размовах, гэтыя дамоўныя матчы існуюць не толькі ў нас, але і па ўсім свеце. Яшчэ год таму я ўвогуле нічога пра гэта не ведаў, не ведаў, што такое існуе. Проста некаторыя на гэта звяртаюць увагу, а некаторыя не. Натуральна, што мне крыўдна. У тым сэнсе, што ты пра гэта нічога не ведаеш, выходзіш на поле і гуляеш у футбол, а высвятляецца, што нехта ў гэты момант проста злівае матч. Крыўдна”.

Нагадаем, дамоўнымі матчамі назвалі пяць паядынкаў 2015-16 гадоў: БАТЭ—"Граніт" (20 лістапада 2015 года, 5:0, Кубак Беларусі), "Іслач"—"Дынама" (Брэст) (30 сакавіка 2016 года, 2:4, вышэйшая ліга), "Прамень"—"Гомельжелдортранс"(25 чэрвеня 2016 года, 3:1, першая ліга),"Ашмяны"—"Прамень" (2 ліпеня 2016 года, 3:3, першая ліга),"Баранавічы"—"Ашмяны"(5 чэрвеня 2016 года, 1:0, першая ліга).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі