“Зламаная сківіца, пералом косткі пад вокам, збіццё ў спецмашыне…”

“Зламаная сківіца, пералом косткі пад вокам, збіццё ў спецмашыне…”

4 жніўня каля 8-й раніцы ў кватэру мінскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады ўламіліся невядомыя ў масках: выбілі уваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярэй на кухні.

Невядомыя, па словах лекара, паклалі яго тварам у падлогу, скруцілі рукі за спіну, надзелі кайданкі. Усё гэта ў прысутнасці жонкі і малой дачкі. Далей, распавядае Дзмітрый, яшчэ горш: збівалі яго і дома, і ў машыне, па дарозе ў Завадскі РУУС. Адзінае, што стала вядома лекару пра прычыны затрымання – яго падазраюць у… эксгібіцыянізме.

У пастарунку правялі апазнанне “злачынцы”. Пацярпелая не змагла апазнаць ў затрыманым чалавека, які здзейсніў злачынства, а сведка і зусім заявіла, што Дзмітрый не падобны на злачынца. Аднак падазраванага пакінулі пад вартай на ноч.

“На наступны дзень яны адправілі мяне на Акрэсціна – на Акрэсціна яшчэ ноч правёў. Там падрабязна распісалі, як мне будзе “добра” з такім артыкулам…”, – распавядае Дзмітрый Серада Еўрарадыё.

За ўвесь час, праведзены за кратамі, Дзмітрый ні разу не еў. Адпусцілі яго толькi 5 жніўня прыблізна ў 16 гадзін, паколькі ў следчага “адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай”.

“Зламаная сківіца, пералом косткі пад вокам, збіццё ў спецмашыне…”

Прабачэння ў жонкі і маці следчы папрасіў, калі мяне адпускалі. А мне нават слова не сказалі. Зразумелі, што гэта дарэмна, бо за такое прабачэння не просяць. Тут не прабачэнне трэба.

Дзмітрый Серада

Адразу пасля вызвалення Дзмітрый Серада звярнуўся да судмедэкспертаў, якія зафіксавалі ў яго “страсенне галаўнога мозгу і ўдар пярэдняй сценкі брушной поласці”. І з дапамогай праваабаронцаў склаў і накіраваў скаргі на дзеянні праваахоўнікаў у Следчы камітэт, пракуратуру і МУС.

“Першым пунктам напісалі не прыцягнуць да адказнасці тых непасрэдных выканаўцаў, што білі яго, – гэта і так відавочна. А найперш – выявіць і даць ацэнку дзеянням тых, хто прыняў рашэнне пра сілавое затрыманне. Бо дастаткова было прыйсці дамоў і проста сказаць, што нам трэба з вамі пагаварыць. Ён бы, безумоўна, пайшоў на супрацу са следствам”.

У тое, што дамагчыся пакарання вінаватых атрымаецца, сталічны педыятр не верыць. А я вырашаю паглядзець, ці атрымлівалася гэта хоць у каго з ахвяр брутальнага затрымання сілавікамі?

Роўна год таму, 11 жніўня 2015 года супрацоўнікі АМАПа праводзілі ў трох кватэрах затрыманне чатырох графіцістаў, якіх падазравалі ў нанясенні беларускамоўных графіці і псаванні білборда. У выніку Вячаславу Касінераву зламалі сківіцу на вачах у яго маленькай дачкі, хлопец  некалькі тыдняў правёў у бальніцы.

“Пісаліся скаргі ад майго імя, імя жонкі. І ў выніку справу крымінальную завялі. Ладна, брутальнае затрыманне, але тут жа былі канкрэтныя людзі, якія ў канкрэтным аўтобусе канкрэтна зламалі мне сківіцу. Толькі нікога следчыя нібыта так і не знайшлі. Рыторыка была такая: “Мы ў іх запыталіся, яны не прызналіся, і мы нічога не можам зрабіць”.

2 ліпеня чацвёра футбалістаў клуба “Ашмяны” на аўто вярталіся з матча. Іх спынілі дзве машыны, перагарадзіўшы дарогу, людзі ў масках “правялі затрыманне” футбалістаў. 

Паўабаронца Сяргей Булынёнак апынуўся ў лякарні – у яго знайшлі пералом скулы і косткі пад вокам. Пазней прадстаўнікі МУС заявілі, што так атрымалася толькі з-за таго, што Сяргей супраціўляўся: нанёс некалькі ўдараў у грудзі ўзброенаму праваахоўніку.

Затрымлівалі футбалістаў па падазрэнні ў арганізацыі дамоўных матчаў. Як вы разумееце, Булынёнак, як і Дзмітрый Серада, і Вячаслаў Касінераў, зараз на свабодзе.

Было яшчэ затрыманне 15 снежня 2015 года Жанны Бразоўскай. Дзяўчыну, што праўда, не збівалі. Трое супрацоўнікаў у цывільным проста запіхнулі яе на задняе сядзенне аўто і адвезлі ў РУУС, дзе пратрымалі 7 гадзін. Столькі міліцыянерам спатрэбілася часу на тое, каб высветліць, што крадзяжы, у якіх яе падазравалі, Бразоўская не ўчыняла. Затое абвінавацілі яе ў супраціўленні міліцыі. Справу закрылі з-за сканчэння тэрміна даўнасці прыцягнення да адказнасці. Жанна спрабавала абскардзіць толькі гэтую фармулёўку – скардзіцца на дзеянні міліцыянераў не стала. “Няма ў мяне ні сіл маральных ды фізічных на гэта, ні веры ў тое, што будзе з гэтага нешта”, -- кажа мне дзяўчына.

На просьбы прыгадаць хаця б адзін выпадак, калі за такое “брутальнае затрыманне” былі пакараныя міліцыянеры, юрыст Павел Сапелка адказвае проста: “Не было такога”. 

Фота: Еўрарадыё, spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі