Вы тут

Міліцыя больш не хоча разбірацца са СМІ і разганяць гандляроў з пераходаў

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў ідзе галасаванне за лібералізацыю заканадаўства. У яго межах міліцыя прапануе зняць з сябе "неўласцівыя" функцыі.

"У цяперашні час супрацоўнікі міліцыі абавязаныя пачаць адміністрацыйны працэс пры выяўленні дзей, якія не ўплываюць на стан грамадскай бяспекі. Напрыклад, у галіне гандлю, пажарнай бяспекі, функцыянавання СМІ, абыходжання з жывёламі, аховы атмасфернага паветра, жывёльнага і расліннага свету, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў", — пералічваецца на сайце МУС.

Здзекі з жывёл

Пад "абыходжаннем з жывёламі" міліцыя мае на ўвазе адміністрацыйную адказнасць за здзек з катоў і сабак. Гэта адна з самых рэзанансных прапаноў, на якую абаронцы жывёл адрэагавалі петыцыяй. Цяпер за здзек з сабакі ці ката могуць пакараць штрафам ці суткамі (адміністрацыйная адказнасць) ці рэальным тэрмінам за кратамі (крымінальная адказнасць). Апошняя, нават калі змены прымуць, застанецца за міліцыяй.

"Парушэннем правілаў абыходжання з жывёламі дома мусяць займацца ЖЭСы", — мяркуюць у МУС.

За збіццё сабакі або здзек з ката могуць адправіць на “хімію”

І нават пасадзіць за краты. З 28 студзеня за жорсткасць да жывёл будуць караць па крымінальным артыкуле. Плюсы і мінусы новай папраўкі да закона.

Стыхійны гандаль

Як высвятляем у прэс-службе міністэрства, пад "галіной гандлю" маецца на ўвазе стыхійны гандаль, напрыклад, у пераходзах. Значыць, ганяць бабулек з бульбай ля крамаў і ў пераходах міліцыя больш не хоча.

Дзядуля з пінскага кірмаша: Мяне цягнулі за тры кілаграмы агуркоў

Еўрарадыё адшукала “парушальніка закону” са скандальнага відэа ў Пінску. 

Вогнішча ў забароненым месцы

Міліцыянеры хочуць адмовіцца ад складання пратаколаў за парушэнне пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках, а таксама ў транспарце — гэта адразу два артыкулы адміністрацыйнага кодэкса.

Парушэнне "Закона аб СМІ"

Яшчэ адна "неўласцівая функцыя", паводле якой міліцыянеры павінны складаць пратаколы за абмежаванне свабоды інфармацыі і парушэнне закона "Аб СМІ".

Забруджванне лесу

Ахова атмасфернага паветра, жыллёвага і расліннага свету, а таксама добраўпарадкаванне населеных пунктаў — гэтыя функцыі міліцыя таксама хоча пакінуць іншым службам. Па логіцы, гэтым мусіць займацца інспекцыя аховы жыллёвага і расліннага свету а таксама мясцовыя ўлады. Але ці хопіць леснікоў, напрыклад, каб штрафаваць за забруджванне лесу, незразумела.

На сайце МУС 3 лютага за змены ўжо прагаласавала амаль 8,3 тысяч чалавек, гэта 48% ад усіх, хто ўзяў удзел у галасаванні. Прапановы міліцыі мусіць разгледзіць Палата прадстаўнікоў.