Вы тут

"Мілавіца": маскі, падобныя на чашачкі бюстгальтараў, — самыя бяспечныя

Маска ад "Мілавіцы"

Ахоўныя маскі для твару ад "Мілавіцы", якія раптам з'явіліся ў продажы ў пачатку тыдня, нарабілі шуму ў інтэрнэце. Яшчэ б: па форме яны падобныя на чашачку бюстгальтара, а мяккія, пастэльныя тоны, выбраныя для масак, толькі дадаюць падабенства! У сацсетках жартуюць: "Можна купіць дзве і пасля эпідэміі мадыфікаваць".

У прэс-службе "Мілавіцы" расказалі Еўрарадыё, што было распрацавана 9 мадэляў масак. Тыя, што падобны на чашачкі бюстгальтараў, на прадпрыемстве лічаць самымі бяспечнымі. Але іх форма ніяк не звязана з вырабам сподняй бялізны:

"Спецыфічная форма, якую вы згадваеце, толькі ў адной маскі, але яна ніяк не звязана з бюстгальтарам. Такія формы папраўдзе цяпер шыюць вельмі многія прадпрыемствы. Форма звязана выключна з формай твару. Маска павінна шчыльна прылягаць да твару і пры гэтым не ціснуць на нос і не перашкаджаць дыханню. Таму самыя добрыя маскі — гэты якраз тыя, якія падобны на чашачкі бюстгальтараў".

Што да дзёрзкіх асацыяцый, то на прадпрыемстве ўпэўненыя: калі б яны выраблялі іншыя аксесуары або адзенне — людзі мелі б іншыя асацыяцыі з іх маскамі. "Калі б мы шылі, напрыклад, чэпчыкі для нованароджаных, узнікла б асацыяцыя з імі", — кажуць на "Мілавіцы".

Дызайн распрацоўвалі супрацоўнікі прадпрыемства, зыходзячы з таго, якія матэрыялы ёсць на складзе і якую функцыянальнасць яны маюць: "Маска павінна ахоўваць, яна павінна доўга насіцца, мыцца, дэзынфікавацца, каб у ёй лёгка было дыхаць. Матэрыял масак — поліамід, спэйсер і бавоўна".

Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка пятага красавіка заявіў, што аб'ёмы вытворчасці ахоўных масак у Беларусі павінны дасягнуць двух мільёнаў на суткі. Беларускія швейныя прадпрыемствы часткова перапрафіляваліся — і пачалі шыць маскі. Адзіных патрабаванняў да іх няма, таму ўсе шыюць іх на свой лад — "са сваім акцэнтам".

Сваімі баваўнянымі маскамі здзівіла беларусаў яшчэ адна фабрыка —  "Світанак". Гэтыя вырабы з выгляду нагадваюць элемент мужчынскай сподняй бялізны, гэтакі гульфік для твару.

Іншыя брэнды адзення таксама пачалі выпускаць дызайнерскія ахоўныя маскі.

Мы адправілі на "Світанак" пытанні і чакаем адказаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.