Міклаш Харашці: Я ўсё яшчэ спадзяюся атрымаць беларускую візу

Найперш распавядзіце, калі ласка, пра свае планы, чаканні… Што вы можаце зрабіць у якасці спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ўБеларусі Савета ААН па правах чалавека?

Міклаш Харашці: Савет ААН па правах чалавека і Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека хацелі б, каб спецыяльны дакладчык супрацоўнічаў як з урадам, гэтак і з грамадзянскай супольнасцю ў справе паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і выканання рэкамендацый, што выкладзеныя ў рэзалюцыях Савета ААН па правах чалавека, прынятых за апошнія пару гадоў. У цяперашні момант маім самым вялікім жаданнем з’яўляецца дапаўненне цудоўнага супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі, якім я апошнім часам вельмі задаволены, такім жа ў роўнай ступені поўным супрацоўніцтвам з урадам. Вось гэтага другога элементу пакуль нестае. Мы некалькі разоў хадайнічалі аб атрыманні візы, і мы ўсё яшчэ працягваем чакаць візу. Тым не менш мы працягваем спадзявацца, што з боку ўраду будуць крокі супрацоўніцтва. Чаму? Таму што гэта ў інтарэсах Беларусі — як краіны, гэтак і ўрада. У першую чаргу я адсочваю найбольш сур’ёзныя тэмы: сітуацыя з палітычнымі зняволенымі і сама наяўнасць палітычных зняволеных, умовы ўтрымання ў турмах і цэлы шэраг пытанняў, звязаных з парушэннямі правоў чалавека ў галіне свабоды слова, свабоды сходаў, а таксама мноства гуманітарных аспектаў парушэння правоў чалавека. Мы таксама адзначаем прагрэс у галіне барацьбы з гандлем жывым таварам. Урад зрабіў першыя крокі стварэння агульнанацыянальнага органа па правах чалавека, як таго патрабуе Універсальны перыядычны агляд (УПА) Савета ААН па правах чалавека. Самае важнае, каб цяпер урад уключыўся ў выкананне мандата.

Што вы збіраецеся напісаць у вашым дакладзе пра сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі?

Міклаш Харашці: Праблема палітычных вязняў і праблема ўмоваў утрымання ў турме ўваходзіць у пералік тэм, якія закранаюцца ў Дакладзе. Мы хочам сустрэцца са сп. Статкевічам і сп. Бяляцкім. Мы сустракаемся з вялікай колькасцю людзей, але пакуль мы можам сустракацца толькі з тымі, хто ў стане выехаць за межы Беларусі. Як я ўжо ўзгадваў, я ўсё яшчэ чакаю сваю візу.

Калі падалі дакументы на візу?

Міклаш Харашці: Некалькі разоў. Апошні раз — у лістападзе, але дагэтуль візы няма. Але я хачу яшчэ раз падкрэсліць, і гэта вельмі важна: маё жаданне супрацоўнічаць з урадам з’яўляецца канструктыўным. Мне б насамрэч вельмі хацелася дакласці пра тое, што ўрад мяркуе і як ён інтэрпрэтуе праблемы, якія існуюць. Я б хацеў падкрэсліць яшчэ раз, што гэта ў інтарэсах краіны і ўрада, а не толькі дзеля майго даклада.

Вы будзеце рыхтаваць Даклад аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі. Якая мэта гэтага даклада?

Міклаш Харашці: Даклад павінен дазволіць ураду паспяхова выканаць рэкамендацыі Вярхоўнага камісара. А мой мандат прадугледжвае магчымасць таго, каб дапамагчы ўраду выканаць рэкамендацыі Вярхоўнага камісара. Таксама мой мандат прадугледжвае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю. А трэці важны складнік мандата — распрацоўка маіх асабістых рэкамендацый.

Фота: Змітра Лукашука