Міхальчанка — пра крытыку прэзідэнта, "маўклівыя акцыі" і выгаду ад крызісу

Еўрарадыё: Пасля школы вы паступілі ў Полацкі ўніверсітэт на спецыяльнасць інжынер-будаўнік, служылі ў арміі, працавалі на заводзе “Шкловалакно”. А дзе журналісцкая адукацыя? Што вас ад пачатку звязвала з гэтай прафесіяй?

Аляксей Міхальчанка: Неяк у 6 класе я напісаў у часопіс “Піянер Беларусі”. І недзе ў маці захоўваецца адказ з гэтага часопіса, дзе пажадалі поспехаў і займацца гэтым і далей. У арміі я пастаянна выпускаў сценгазету, быў яе рэдактарам — неяк нешта пісаў. Было жаданне нешта пісаць. А калі ўбачыў аб’яву, што набіраюць карэспандэнтаў (Полацкае тэлебачанне — Еўрарадыё), — на наступны дзень мой рэпартаж быў у эфіры. Але да таго, як я прыйшоў на тэлебачанне, я не ўяўляў, што магу апынуцца па той бок экрана.

Еўрарадыё: Праграма “Як ёсць”. Вы прыйшлі ў яе з уласным бізнэс-планам ці яе распрацаваў нехта іншы, а вас туды запрасілі?

Аляксей Міхальчанка: Гэта мой аўтарскі праект, ідэя з’явілася за год да выхаду першага выпуску. Дарэчы, па-беларуску вельмі прыгожа гучыць: “Як ёсць”. У мяне ёсць жаданне рабіць выпускі і па-беларуску. І гэтая мая прапанова сустрэла разуменне. Тым больш, што фармат быў зразумелы, абкатаны шмат на якіх каналах.

Еўрарадыё: Каб пісаць сцэнары для такой праграмы, весці яе — якімі чалавечымі і журналісцкімі якасцямі трэба валодаць?

Аляксей Міхальчанка: Даводзіцца вельмі шмат чытаць і глядзець. Увага, памяць, рэакцыя: бо тэлебачанне — гэта найперш рэакцыя.

Еўрарадыё: І як вам рэакцыя на вашыя праграмы?

Аляксей Міхальчанка: Ну... Я меркаваў, што яна атрымаецца скандальнай. І мае меркаванні спраўдзіліся. Ацэнкі ў праграмы дыяметральна супрацьлеглыя.



Еўрарадыё: Вам не падаецца, што праграма аднабакова скандальная? Ці можаце вы пакрытыкаваць уладу? І на якім узроўні?

Аляксей Міхальчанка: Перыядычна крытыка праходзіць. Вы, відаць, не ўсе выпускі глядзіце. А ўзровень крытыкі самы розны — даходзіла да міністраў.

Еўрарадыё: Ці крытыкавалі, да прыкладу, намесніка міністра эканомікі Тура за скандальны відэаролік?

Аляксей Міхальчанка: Крытыкаваць мне там не было за што гэтага чалавека, гэтага чыноўніка. Гэта адбывалася ў непрацоўны час і я лічу, што ён мае права на асабістае жыццё. А вось тое, што ролік зняты на тэрыторыі амбасады без усялякага дазволу — трэба паважаць і замежнае дыпламатычнае прадстаўніцтва. На жаль, мы не паспелі атрымаць каментар амбасадара пра яго стаўленне да гэтага. Мабільныя тэлефоны — не толькі дабро, але часам зло.

Еўрарадыё: Ці не хацелі б вы трапіць у прэзідэнцкі пул?

Аляксей Міхальчанка: А я быў там. Гэта вельмі складаная праца, нават фізічна.

Еўрарадыё: А не хацелася ў тых сваіх матэрыялах рабіць такія ж каментары і рэмаркі, якія вы зараз дазваляеце сабе ў сваіх праграмах?

Аляксей Міхальчанка: Часам хацелася. Але ж там ідзе імгненная перадача — там бы паспець выкласці ўсе факты, не прапусціць чагосьці. Там ужо не да творчасці.

Еўрарадыё: Ні разу не ўзнікала жаданне за што-небудзь пакрытыкаваць Аляксандра Рыгоравіча?

Аляксей Міхальчанка: Дай Бог памяці... Не, не было ў мяне такіх жаданняў.

Еўрарадыё: Не было жадання ці, на ваш погляд, няма за што?

Аляксей Міхальчанка: Дакалупацца можна і да слупа — жадання няма. Ёсць пэўнае разуменне таго, што адбываецца і як. І калі гэтыя веды маеш, то глядзіш на рэчы інакш. Тое, за што яго часцей крытыкуюць, — гэта, на мой погляд, частка паліттэхналогій. Калі браць асноўныя моманты, накірункі руху, якія ён надае краіне, я іх падтрымліваю.

Еўрарадыё: І сённяшні эканамічны крызіс вас не палохае?

Аляксей Міхальчанка: Асабіста мяне — не. Я ведаю гэтыя байкі пра нашыя звышзаробкі — жыву ў вельмі сціплай здымнай кватэры і мне там асабліва хваліцца няма чым. Нават ровара няма. Але ў мяне ёсць рублёвы крэдыт. І я падлічыў, што ад гэтай сітуацыі выйграваю. Я ведаю шмат людзей, у якіх такая ж сітуацыя. Можна, канешне, кудысьці схадзіць паплакаць, але на гэта настрою не маю — я ў плюсе.

Еўрарадыё: Вы меркантыльна падышлі да сённяшняга крызісу…

Аляксей Міхальчанка: А як да яго яшчэ падыходзіць? Калі б гэта быў крызіс маралі, псіхалогіі, то трэба было б інакш. А крызіс — эканамічны!

Еўрарадыё: А як жа патрыятычныя пачуцці, Радзіма і гэтак далей?..

Аляксей Міхальчанка: У мяне ёсць маці-пенсіянер — вось мае патрыятычныя пачуцці, вось Радзіма. Я стаў ёй больш грошай з заробку аддаваць. Вось гэта — мае патрыятычныя пачуцці і мая Радзіма.

Еўрарадыё: У войску вам давялося служыць, бо не скончылі Полацкі ўніверсітэт. А ў сваёй апошняй праграме вы, гаворачы пра затрыманых ўдзельнікаў “маўклівай акцыі”, зазначылі, што кожны павінен адслужыць у войску. Гады службы вы не лічыце выкінутымі?

Аляксей Міхальчанка: Не. Там у мяне быў час вельмі сур’ёзна задумацца. Да таго ж служба дала пэўную ўнутраную дысцыпліну, новых сяброў. Усё залежыць ад таго, з якім настроем ты ідзеш у войска, ад калектыву, у які ты трапляеш. Мне пашэнціла. Я дзесьці ў глыбіні душы пацыфіст, але і рэаліст адначасова.

Еўрарадыё: І таму вы лічыце, што ўсе павінны служыць?

Аляксей Міхальчанка: Ёсць людзі, якія па стане здароўя гэтага не могуць. Да іх ніякіх пытанняў. Да таго ж, як я ведаю, у нас зараз на конкурснай аснове бяруць у войска — ёсць лішнія прызыўнікі.

Еўрарадыё: Можа, тыя 100 чалавек, пра якіх вы казалі, тыя ўдзельнікі акцый, акурат і лішнія для войска?

Аляксей Міхальчанка: Для таго, каб зняць пытанне наконт таго, ці ўхілісты яны, ім трэба прыйсці ў ваенкамат разабрацца: хто яны насамрэч. А хавацца... Ёсць закон, і яго неабходна выконваць.

Еўрарадыё: У сваіх праграмах вы звяртаецеся да акцый апазіцыі. А самі вы на гэтыя акцыі хадзілі ў якасці журналіста, каб адчуць іх атмасферу, ці толькі запісы праглядаеце?

Аляксей Міхальчанка: Апошні мой выхад у “поле” быў выбух у метро. Як толькі прыйшла інфармацыя, я ўзяў аператара, машыну і накіраваўся туды. Двух тыдняў згубленага сну мне гэта каштавала. А на апошніх акцыях я не быў. Я бачыў папярэднія і ведаю, што гэта такое. Калі там адбудзецца сапраўды нешта новае, то, магчыма, я буду шукаць час, каб наведаць і паглядзець. Вядома, асабістыя адчуванні вельмі важныя, каб пабачыць усё сваімі вачыма. Бо вы ж бачыце, што цалкам супярэчлівыя дадзеныя паступаюць — кожны цягне коўдру на сябе. Але я праглядаю ўсе запісы, якія ёсць — усё, што трапляе на Youtube, на іншыя сайты.

Еўрарадыё: І тое, што можна папрасіць у спецслужб...

Аляксей Міхальчанка: Не, не прашу.

Еўрарадыё: У вашых сюжэтах відэакадры адабраныя аднабакова — няма таго, як міліцыя разганяе людзей, як закідваюць у аўтазакі...

Аляксей Міхальчанка: Няма. Але пра затрыманых мы гаворым. Даем лічбу затрыманых — нічога не хаваем.

Еўрарадыё: Як вы паставіліся да роліка, дзе вас “захлопваюць” каля журфака? Было непрыемна ці паставіліся з гумарам?

Аляксей Міхальчанка: Я вельмі добра ўспрыняў гэтых хлопцаў, якія здымалі ролік. І па-добраму пазайздросціў іх прафесійнаму нахабству. Як яны адшукалі гэтага бамжа, як яны за лічаныя хвіліны ўгаварылі, каб ён пастаяў побач са мной, і сфатаграфавалі гэта. Не будзем пра мараль, але з пункту гледжання дзеяння — гэта было на “5”. Але калі яны думалі насаліць мне — яны і не хавалі, што хочуць пасмяяцца з мяне — то кожны дасведчаны чалавек з тэлебачання скажа вам, што не бывае антырэкламы. Гэта таксама рэклама. У той жа час мой слоган яны данеслі і да “зваротнага боку месяца”.

Еўрарадыё: Пасля гэтага роліка вас сталі пазнаваць на вуліцы, браць аўтографы?

Аляксей Міхальчанка: За 2 хвіліны да таго, як пачалі здымаць гэты ролік, я на тым жа месцы раздаваў аўтографы. Тыя, хто паступае на журфак, падыходзілі і прасілі нешта напісаць “на поспех”.

Еўрарадыё: Ці лічыце сённяшнюю сваю вядомасць пікам сваёй журналісцкай кар’еры?

Аляксей Міхальчанка: Я раблю пэўную працу, але не раблю кар’еру. Не стаўлю перад сабой такой мэты — няма ва мне кар’ерызму. Таму казаць пра “пікі” мне складана.

Еўрарадыё: А калі б вам прапанавалі адказную пасаду на канале?

Аляксей Міхальчанка: Ніколі! Ёсць людзі, не здольныя кіраваць — я ў гэтым прызнаюся. І мне асабліва непрыемна было, калі ў спісах неўязных Еўрасаюза мяне назвалі кіраўніком. Да мяне прымалі санкцыі як да кіраўніка. Але гэта прынцыповы момант: я адказваю за сябе.

Еўрарадыё: Як вашыя родныя паставіліся да ўключэння вас у гэты спіс і як яны ставяцца да вашай скандальнай вядомасці?

Аляксей Міхальчанка: Асаблівай рэакцыі не было. Вакол мяне звычайныя людзі — ім проста незразумела, што гэта такое. Яны глядзяць на тое, як я гэта ўспрымаю. А я гэта ўспрымаю з гумарам і гэта заразліва.

Еўрарадыё: Зараз вы робіце яшчэ адну даволі скандальную праграму —“Хто там?”. Ці не баіцеся ў выніку застацца ў сяброўскім вакууме — вы шмат каго крыўдзіце…

Аляксей Міхальчанка: Я нешта такога кшталту чытаў у фантазіях асобных людзей: яны хочуць бачыць мяне ізгоем. Мушу расчараваць: шмат людзей, якія добра разумеюць тое, што я кажу, успрымаюць адэкватна. Кола маіх сяброў не скарацілася.

Еўрарадыё: Неяк на пытанне пра тое, ці шмат у вас розных ідэй, вы параўналі іх колькасць і ўпарадкаванасць са сметнікам пад Полацкам. Гэта такая алегорыя з вашага боку?

Аляксей Міхальчанка: Гэта была свядомая тэкставая правакацыя, якая чапляецца за вока. Але аб’ём інфармацыі ў галаве — жахлівы. Прыходзяць думкі і кажаш сабе: “Божа! Пра што я такое думаю?!” І становіцца цікава: “А хто-небудзь яшчэ думае пра гэта?”. Гэта хутчэй алегорыя была.

Еўрарадыё: Не баіцеся па вуліцах хадзіць, позна ўвечары дахаты вяртацца?

Аляксей Міхальчанка: Не чакаў такога пытання ад калегі! Я разумею, калі на форумах пішуць. Не, не баюся.

Еўрарадыё: На акцыю 29 чэрвеня дакладна не пойдзеце?

Аляксей Міхальчанка: Не, не пайду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі