Міхаіл Гардзяйчук прызнаны найлепшым футбалістам года

Міхаіл Гардзяйчук прызнаны найлепшым футбалістам года

На пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола былі абраныя пераможцы ключавых намінацый года ў краіне.

Найлепшым брамнікам стаў галкіпер БАТЭ Дзяніс Шчарбіцкі: ён правёў 23 гульні сезона, прычым у 15 з іх не прапусціў ніводнага гола. 

Найлепшым абаронцам прызнаны яшчэ адзін футбаліст барысаўскага БАТЭ Неманья Мілунавіч. Званне найлепшага паўабаронцы заваяваў Аляксандр Наёк з футбольнага клуба "Дынама-Мінск". 

Найлепшым бамбардзірам, нападнікам і найлепшым гульцом прызнаны Міхаіл Гардзяйчук з БАТЭ. У гэтым годзе ён згуляў у 29 сустрэчах, дзе забіў 18 галоў, зрабіў 5 выніковых перадач. Па выніках галасавання газеты "Прессбол" Гардзяйчук таксама ўпершыню стаў найлепшым футбалістам краіны.

У найлепшую судовую брыгаду увайшлі Аляксей Кульбакоў, Юрый Хомчанка і Сяргей Гідрэвіч.

Трэнерам года стаў Віктар Ганчарэнка, які ўзначальвае маскоўскі ЦСКА. 

Прыз імя Аляксандра Пракапенкі "За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь" атрымаў паўабаронца барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч.

Сяргей Крыкун з МФК "Цюмень" і Ігар Брыштэль, які выступае за расійскі ПФК "Спартак" Масква, заваявалі прызы найлепшых футбалістаў Беларусі па міні-футболе і пляжным футболе, адпаведна.

Найлепшай футбалісткай краіны і найлепшым гульцом чэмпіянату 2017 года стала галкіпер футбольнага клуба "Зорка-БДУ" Наталля Васкабовіч.

Футбольны клуб БАТЭ атрымаў таксама прызы "Глядацкіх сімпатый" і "За волю да перамогі".

ФК "Дынама-Мінск" заваяваў прыз "Двума складамі" дзякуючы лепшаму сукупнаму выніку асноўнага і дублюючага складаў у чэмпіянаце, а "Тарпеда-БелАЗ" стаў уладальнікам прыза "Справядлівай гульні".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі