Мэрылін Мэнсан паабяцаў расійскім фэнам вярнуцца

Mэрылін Мэнсан, які так і не здолеў выступіць у Расіі, напісаў пост у Фэйсбуку з гэтай нагоды.


"Нас апранулі і выправілі дадому, нібыта на вуліцы ўсё яшчэ 1984-ты. Хачу сказаць усім нашым расійскім фанатам: мы вернемся. Чым больш яны баяцца гэтага, тым больш яно робіцца".


Такім чынам Браян Уорнэр адрэагаваў на серыю інцыдэнтаў, звязаных з адменай яго выступаў у Навасібірску і на маскоўкім фэсце Park Live. Нагадаем, 11 чэрвеня, у Дзень горада, навасібірскія "праваслаўныя актывісты" выйшлі на мітынг супраць канцэрта амерыканскага шок-рокера.


У інтэрв'ю Rolling Stone, адказваючы на пытанне пра абвінавачванні ў прапагандзе нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, Уорнэр падкрэсліў, што не можа быць ніякіх сумневаў у яго сэксуальнай арыентацыі. "Так, я не баюся выглядаць як жанчына, аднак гэта ніяк не звязана з гомасэксуальнасцю. Я самы звычайны хлопец. А што да сэксу, гэта, прабачце, мая асабістая справа. Некаторыя мужыкі могуць падумаць, што я падобны да гея, але гэта нармальна. Гэта не мая віна. Я традыцыйны чалавек у вобразе кепскага хлопца".


Наконт таго, што нібыта творы і паводзіны Браяна абражаюць пачуцці вернікаў, музыка нагадаў, што вучыўся ў хрысціянскай школе і можа пераўзысці каго заўгодна ў дыскусіях на рэлігійныя тэмы.


18 чэрвеня ўлады расійскага горада Навасібірска паведамілі, што канцэрт гурта Marilyn Manson, запланаваны на 29 чэрвеня, не адбудзецца. Маскоўскі выступ музыкаў на фэсце Park Live 27 чэрвеня ў Маскве, быў таксама адменены за некалькі хвілін да выступу музыкаў. Прычынай стала тэлефоннае паведамленне пра закладзенае выбуховае прыстасаванне. Напярэдадні "праваслаўныя актывісты" напалі на музыкаў Мэнсана, закідалі іх яйкамі і "акрапілі святой вадой".

Паводле zvuki.ru, lenta.ru

Фота: loudwire.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі