Мэр наехаў на міліцыю і заступіўся за мінчукоў нападпітку

На Дзень Незалежнасці будзе прадавацца любое спіртное, апроч гарэлкі. Напярэдадні святкаванняў Дня рэспублікі міліцыянты прапанавалі забараніць продаж алкаголю 3 ліпеня пасля 18 гадзін. Апошні раз спіртное “пад замок” хавалася на дзень выпускніка. У гэты раз за мінчукоў заступіўся мэр.
Хаця кіраўнікі некаторых раёнаў настойвалі на забароне продажу прынамсі таннага віна, што ў народзе называецца “чарнілам”, мэр Мінска Міхаіл Паўлаў зазначыў, што “ўсялякія забароны — шлях тупіковы”. Мясцовыя ўлады мусяць прапанаваць мінчукам такую праграму мерапрыемствам, каб людзі нават не ўзгадалі пра спіртное.

Як паведамілі Еўрапейскаму радыё ў прэс-цэнтры Мінгарвыканкаму са спасылкай на аддзел спажывецкага рынку, са спіртнога будзе прадавацца ўсё акрамя гарэлкі:

“Гарэлка ў святочныя дні прадавацца не будзе. А вось з набыццём каньяку, піва, віна ніякіх праблемаў не паўстане.”

Заўтра міліцыянты прымуць план працы на масавых святкаваннях. Такім чынам, ужо тады стане вядома, што будзе чакаць тых, хто крыху “перабярэ”, святкуючы Дзень Незалежнасці.

Як паведамляе агенцтва Мінск-навіны мэр даволі жорстка звярнуўся да міліцыянтаў, каб тыя не чапалі людзей, якія “не разлічылі свае сілы”: "Нават калі чалавек і выпіў лішняга, гэта наш грамадзянін, і ніхто нікому не даваў права прыніжаць яго гонар і годнасць. І гэта правіла павінна няўхільна выконвацца не толькі ў святы, але і ў будні”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі