Медыкі выявілі фактар, які ўплывае на больш цяжкае цячэнне COVID-19

Бальнічная палата / pixabay.com
Бальнічная палата / pixabay.com

Дэфіцыт вітаміна D можа прывесці да больш цяжкага цячэння COVID-19. Да такой высновы прыйшлі брытанскія медыкі. Яны даследавалі статыстыку заражэння і смяротнасці ад каранавіруса і выявілі, што ў рэгіёнах, дзе існуе сезонны дэфіцыт вітаміна D, цяжкія выпадкі COVID-19 назіраліся часцей, паведамляе выданне Express.

"Дэфіцыт вітаміна D з'яўляецца дамінуючым фактарам рызыкі цяжкага каранавіруснага захворвання", — цытуе выданне доктара Гарэт Дэвіс.

Медык тлумачыць гэта тым, што вітамін D вельмі важны для імунітэту. Ён дапамагае абараніць арганізм ад пранікнення каранавіруса.

Сваю тэорыю даследчыкі пацвердзілі і ў лабараторных умовах. Яны выявілі, што вітамін D можа блакаваць разбурэнне бялковых структур у арганізме, якія прадухіляюць "цітакінавы шторм".

Вітамін D утвараецца ў скуры пры знаходжанні на сонцы. Акрамя таго, яго можна атрымаць і з ежы: вітамін D у вялікай колькасці змяшчаецца ў тлустых гатунках рыбы і ў істотна меншай — у сметанковым алеі, сырах і іншых малочных прадуктах.

З пачатку пандэміі каранавірусам заразіліся больш за 50 мільёнаў чалавек. Звыш 1,2 мільёна памерлі.  Больш за ўсё выпадкаў інфікавання на дадзены момант зафіксавана у ЗША, Індыі і Бразіліі.

У Беларусі, паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, выяўлена больш за 106 тысяч чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. У апошнія некалькі тыдняў прырост складае амаль тысячу новых выпадкаў заражэння ў суткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі