Медыкі: На “хуткай” можна зарабіць 3,5 мільёны, а можна 7

“На ўсіх падстанцыях сітуацыя аднолькава дрэнная. Мой апошні разлік — 3,4 мільёны, гэта чыстымі. Адзінае, што трымае, далі інтэрнат. Спецыялісты ў нас доўга не затрымліваюцца, сыходзяць, і з медыцыны. Я ўначы працую на “хуткай”, удзень на фірме”, — дзеліцца з Еўрарадыё фельчар Раман.

На “хуткай” ён працуе 5 гадоў і далучаецца да пратэсту медыкаў, якія збіраюць подпісы за паляпшэнне ўмоў працы. Пад зваротам да начальніка хуткай дапамогі Мінска падпісаліся ўжо некалькі соцень чалавек, а ў інтэрнэце больш за 5 тысяч.

“Я ўсімі рукамі за. Падпісацца не паспеў, быў у адпачынку. Вось, 6-ага уначы: за 3 гадзіны сем візітаў, без заезду на падстанцыю, у прыбіральню схадзіць, перакусіць”, — даводзіць Раман.

Праблема ў стаўленні да супрацоўнікаў на кожнай падстанцыі: выплаты за дадатковую працу могуць быць у розным аб’ёме, тлумачыць Еўрарадыё доктар-анастэзіёлаг з Бабруйска Канстанцін Таўстаногаў.

“У плане дадатковых выплат: за інтэнсіўнасць, прэміяльныя — гэта залежыць ад адміністрацыі. Яна можа іх налічваць, а можа не налічваць, на законных падставах. Але і на адміністрацыю могуць ціснуць зверху, каб абмяжоўвалі сябе ў сродках”, — расказвае Канстанцін Таўстаногаў.

Заробак ён мае каля 7 мільёнаў. Але гэта больш за стаўку, бо на стаўку амаль не працуюць — мала выходзіць.

“У нас на стаўку амаль ніхто не працуе, можа, толькі той, у каго іншая праца ёсць. Але сумяшчаць нікога не прымушаюць. Не будзе кім закрыць месцы — будзе менш пастоў проста”, — дадае Канстанцін Таўстаногаў.

“Можна атрымоўваць пяць капеек і нармальна працаваць, бо да цябе добра ставяцца. Нашы супрацоўнікі усім задаволеныя, мы ім даем усё, што трэба. А наогул, усё залежыць ад установы, ад адміністрацыі. У нас тэрапеўтаў не хапае: інтэрны сыходзяць, застаюцца ўжо сталыя працаўнікі”, — падсумоўваюць у мінскай паліклініцы, калі даведваюцца, што лекары хуткай змагаюцца за паляпшэнне ўмоў працы. Далучацца да пратэсту тут не збіраюцца.

Паловы тэрапеўтаў у нас не хапае, адразу кажа інтэрн Маргарыта, якая працуе ў паліклініцы. Але зарабіць у паліклініцы доктарам, ужо не інтэрнам можна да пяці мільёнаў.

“Працоўны дзень асабліва не нармаваны. У эпідэмію працуюць з восьмай і да дзясятай-адзінаццатай. Месцы тэрапеўтаў запоўненыя толькі напалову. Але ўсё залежыць ад адміністрацыі, нам звычайна ідуць насустрач”, — расказвае Маргарыта.

Пра збор подпісаў сярод лекараў “хуткай” у яе паліклініцы не ведаюць. “Жанчыны сярэдняга ўзросту, яны інтэрнэтам мала карыстаюцца”, — тлумачыць малады лекар.

Сярэдні заробак лекараў за лістапад — 6,2 мільёны рублёў, сярэдняга медыцынскага персаналу — 3,7 мільёны рублёў, паведамляе Белстат.

Хроніка пратэстаў медыкаў:

Фота: stihi.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі