Вы тут

Мазырскі інвалід-вазочнік вымушаны выходзіць з другога паверха праз акно

Віталь Кавалёў / Фатаздымак з ФБ-акаўнта Яўгена Шаўко

Інвалід-вазочнік Віталь Кавалёў з Мазыра некалькі гадоў не можа дамагчыся, каб у яго доме паставілі пад'ёмнік. Таму ён прыдумаў, як выходзіць з другога паверха дома на вуліцу. Мужчына падарожнічае праз акно. Фатаздымкі прыстасавання апублікаваў у Фэйсбуку старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко.

У каментары TUT.by мазырчук распавёў, што прыкаваны да інваліднага крэсла ўжо каля сямі гадоў. Спусціцца па 30 прыступках сам ён не можа, а суседзі — пераважна пенсіянеркі.  

Віталь прасіў, каб мясцовыя ўлады паставілі пад'ёмнік, але атрымаў адмову: дом стары, прыступкі драўляныя, паставіць пад'ёмнік немагчыма. У адказ чыноўнікі параілі абмяняць кватэру на больш сучасную.

"Нават самая занядбаная аднапакаёўка ў нашым горадзе каштуе 15 тысяч долараў, а маю і за 12 тысяч не прадаць, бо дому больш за 80 гадоў, каму яна патрэбна... А калі прадаць, дзе мне потым узяць адсутныя грошы?" — кажа Кавалёў. 

Каб спусціцца на вуліцу, ён прапанаваў выкарыстаць спецыяльную калыску-прыступкаход на гусенічным хаду. Гэтае прыстасаванне мазырчуку нават прывозілі, каб пратэставаць. Але калі высветлілася, што каштуе такая тэхніка каля 8 тысяч долараў, якія трэбы вылучыць з бюджэту, то чыноўнікі даслалі адказ, што Кавалёву будзе небяспечна спускацца на ёй. 

Урэшце мужчына паставіў больш шырокую шыбу ў акно, прымацаваў лябёдку з пультам і стаў спускацца з яе дапамогай. Каштавала гэта яму каля 600 рублёў. На вуліцу цяпер Віталь Кавалёў выбіраецца прыкладна раз на тыдзень.

"Тут не ўсё проста, туды-сюды, як на ліфце, не пакатаешся, дый не кожны зможа дапамагчы. Падымае і спускае мяне з дапамогай пульта спецыяльна навучаны чалавек — дзяўчына прыходзіць па панядзелках, і ёй я давяраю як сабе", — тлумачыць ён.

Як дадае "Радыё Свабода", сёння вазочнік даслаў электронны ліст кіраўніку Беларусі. Ён апісаў сваю сітуацыю, далучыўшы да ліста фотаздымкі, і спытаўся, як яму жыць далей. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.