Масква падтрымае Лукашэнку на фоне "задушлівых" санкцый — Пяскоў

Тэма санкцый абмяркоўвалася падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт Пецярбург 13 ліпеня / Reuters​
Тэма санкцый абмяркоўвалася падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт Пецярбург 13 ліпеня / Reuters​

Масква гатовая аказаць падтрымку Аляксандру Лукашэнку на фоне санкцый, з якімі сутыкнуўся беларускі рэжым. Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, паведамляе РІА "Навіны".

Па словах Пяскова, гэтая тэма абмяркоўвалася падчас апошняга візіту Лукашэнкі ў Расію. Беларускі кіраўнік сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у аўторак, прагаварыў больш за 5 гадзін, але заяваў па выніках гэтай сустрэчы зроблена не было. Пазней прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што па выніках перамоваў было вырашана выпрацаваць сумесны план процідзеяння санкцыям.

"Сапраўды, пытанні падтрымкі Беларусі на фоне такіх задушлівых санкцый, яны фігуравалі на парадку дня ", — сказаў Пяскоў журналістам. Журналісты пацікавіліся, што будзе ў гэтым плане і хто будзе яго рыхтаваць.

Ніякіх падрабязнасцяў Пяскоў не паведаміў, сказаў толькі, што "дадзеныя даручэнні ўрадам, якія працуюць у гэтым плане".

Ліпеньская сустрэча Лукашэнкі і Пуціна стала чацвёртай з пачатку года. Тэмамі перамоваў былі заяўленыя "развіццё супрацоўніцтва ў розных сферах" і "міжнародная праблематыка".

Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя ЕС пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair. Пасажырскі самалёт, які выконваў рэйс з Афін у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску, пасля чаго былі затрыманыя двое пасажыраў. У дачыненні да іх распачатыя крымінальныя справы. У ЕС гэта здарэнне назвалі "актам дзяржаўнага тэрарызму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі