Вы тут

Масачны рэжым увялі ў Браслаўскім раёне

У Браслаўскім раёне ўвялі масачны рэжым / svaboda.org

Масачны рэжым і дадатковыя меры абароны ад распаўсюду каранавіруснай інфекцыі COVID-19 уведзеныя на тэрыторыі Браслаўскага раёна. Адпаведнае рашэнне мясцовы райвыканкам прыняў 8 чэрвеня. 

Жыхары раёна абавязаныя выкарыстоўваць маскі ў грамадскіх месцах і арганізацыях — у крамах, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты, транспаре ды іншых месцах масавага збору людзей. Наведвальнікаў, якія не выкарыстоўваюць маскі, забаронена абслугоўваць.

Таксама ўводзяцца абмежаванні на колькасць людзей у крамах і грамадскіх месцах: на аднаго пакупніка/кліента павінна прыпадаць не менш за 10 квадратных метраў плошчы.

На працоўных месцах кантралёраў-касіраў і прадаўцоў у вузлах разліку рэкамендавана паставіць празрыстыя экраны або забяспечыць персанал ахоўнымі шчыткамі.

У крамах, аптэках, аддзяленнях банкаў, пошты і г.д. ўводзяцца тэхнічныя перапынкі для праветрання і прыборкі памяшканняў са сродкамі дэзінфекцыі.

У дзіцячых садках не дазваляецца перафармаванне груп пры скарачэнні колькасці выхаванцаў. Працу выхавальнікаў і памочнікаў выхавальніка неабходна забяспечыць у рамках групы.

Паведамляецца, што ўсе гэтыя меры будуць дзейнічаць на эпідэміялагічна неспрыяльны перыяд. 

Раней з'яўляліся звесткі пра ўвядзенне масачнага рэжыму ў Кіраўскім і Бялыніцкім раёнах Магілёўшчыны. У Іўеўскім раёне Гродзеншчыны масачны рэжым увялі, а на наступны дзень адмянілі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.