Вы тут

МАРГ падказаў “Вэлкому”, як спыніць “разводы” на 100 рублёў праз v-banking

Ілюстратыўнае фота / velcom.by

У красавіку Еўрарадыё распавядала пра тое, як з дапамогай праграмы v-banking ад "Вэлком" розныя махляры разводзяць наіўных грамадзян на грошы. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праверыла праграму v-banking на парушэнне правоў спажыўцоў і распавяло нам пра вынікі праверкі.

Парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў устаноўлена не было. Аднак спецыялісты МАРГ сапраўды заўважылі, што махлярства цалкам магчымае.

 

Міністэрства рэкамендавала “Вэлкому” ўсталяваць часавы перыяд, каля 30 хвілін, каб мінімізаваць магчымасць махлярскіх дзеянняў пры падключэнні да паслугі v-banking. І толькі па заканчэнні гэтага перыяду прадастаўляць магчымасць ажыццяўляць аплату праз прадастаўлены ліміт у 100 рублёў у рамках паслугі v-кашалёк.

Мы праверылі, ці ўвёў "Вэлком" блакіроўку на паўгадзіны для толькі што зарэгістраваных.

Уся рэгістрацыя заняла крыху больш за пяць хвілін. Аднак падчас яе праходжання ўзнікаюць дадатковыя пытанні. Пры спробе прачытаць "парадак прадастаўлення паслугі" цябе перанакіроўвае на агульную старонку з правіламі да ўсіх акцый. І вось далей шукайце самі.

 

Пасля верыфікацыі, якая доўжылася каля хвіліны, можна адразу аплачваць прадастаўленым крэдытам у 100 рублёў. Ніякіх 30 хвілін не трэба чакаць.

Еўрарадыё апісвала схему, па якой працавалі махляры. Спярша яны звярталіся па дапамогу. Нібыта падобныя нумары, іх пераблыталі і выпадкова адправілі 100 рублёў не туды. І прасілі ўсталяваць праграму v-banking, каб вярнуць грошы. Сапраўды, усталяваўшы праграму і прайшоўшы рэгістрацыю, людзі бачылі, што ў іх на рахунку 100 рублёў. Пасля яны іх актывавалі і перасылалі “назад”. І вось тут нюанс. Насамрэч гэтыя 100 рублёў — крэдыт ад мабільнага аператара, выплачваць які вам давядзецца пазней. Людзі адпраўлялі гэтыя грошы махлярам і аказваліся ў даўгах перад "Вэлкомам".