Вы тут

МАРГ: кошты на лімоны, імберац і часнок выраслі на 30-70%

Лімоны і імберац / pixabay.com

Беларусы занепакоеныя рэзкім ростам коштаў на лімоны, імберац і часнок. Пра гэта яны паведамілі на тэлефонную лінію па пытаннях наяўнасці тавараў і істотнага росту коштаў. Лінія запрацавала ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) з 2 красавіка. 

Паводле інфармацыі ведамства, у першы дзень яе працы на лінію паступіла каля 200 тэлефанаванняў,а на другі дзень — больш за 150.

Асноўнымі тэмамі паведамленняў былі рост коштаў на лімоны, імберац і часнок. Па словах людзей, у розных крамах гэтыя прадукты падаражэлі ад 30% да 70%.

Можна меркаваць, што рост коштаў на гэтыя тавары звязаны з павышаным попытам. Ён, у сваю чаргу, узнік пасля паведамленняў у інтэрнэце, што гэтая прадукты дапамагаюць засцерагчыся ад каранавіруса. 

Паводле звестак МАРГ, 42% паведамленняў былі пра падаражэнне лімонаў, 17% — імберац, 7% — часнок. Яшчэ 34% паведамленняў датычылі росту коштаў на іншыя тавары. У прыватнасці, паведамлялі пра падаражанне бытавой тэхнікі, масак, антысептыкаў, сярод прадуктаў харчавання — курыцы, мукі, хлеба, дзіцячага харчавання.

МАРГ запатрабаваў у імпарцёраў і гандлёвых сетак даць абгрунтаванне прычын падаражання і дакументы, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць росту коштаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.