Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што яго завербавалі ў КДБ

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што яго завербавалі ў КДБ

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што яго завербавалі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Яго прызнанне абнародаванае на акаўнце "Маладога фронту" ў Фэйсбуку.

Пальчэўскі набыў вядомасць падчас сёлетняй абароны Курапатаў. Пазней яго разам з іншымі маладафронтаўцамі затрымалі па "справе патрыётаў". 

Цяпер Пальчэўскі паведаміў, што на першым допыце без адваката яго шантажавалі магчымасцю крымінальнай справы. У лютым хлопец збіў на пешаходным пераходзе жанчыну, у яе пашкоджанні кваліфікавалі як менш цяжкія, што дазваляе пачаць крымінальную справу.

Таксама яму пагражалі "пятушатнямі" ў зоне. 

Калі Пальчэўскі пагадзіўся на супрацу з КДБ, яму далі псеўданім "Артур". 

"Пад псеўданімам “Артур” я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёння я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права", — заявіў актывіст. 

Як паведаміла Еўрарадыё Наста Дашкевіч, цяпер у Пальчэўскага няма тэлефона. На сувязь ён пакуль не будзе выходзіць.

Дашкевіч: “Ён вельмі блізка ўсё перажывае, таму пакуль на сувязь выходзіць не будзе”.

Пра іншыя выпадкі такіх прапаноў ад КДБ затрыманым актывістам Наста не ведае. Дарэчы, Сяргей Пальчэўскі прысутнічаў на шэсці “Чарнобыльскі шлях” увечары 26 красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі