Вы тут

Макей — пра забарону БЧБ-сцяга: гісторыкам варта правесці маштабнае абмеркаванне

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

"Я бачу і ведаю, што пад гэтым сцягам здзяйснялася шмат злачынстваў, але трэба ўсё ўзважыць з пункту гледжання будучага развіцця нашай дзяржавы", — так Уладзімір Макей у інтэрв'ю РБК пракаментаваў сітуацыю з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

Журналісты пацікавіліся, як міністр замежных спраў ставіцца да таго, што нацыянальную сімволіку ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкай. У адказ міністр замежных спраў заявіў, што "да гісторыі трэба ставіцца беражліва".

Пытанне сцяга ён назваў складаным і прапанаваў правесці на гэты конт канферэнцыю гісторыкаў.

"Што тычыцца сцяга, я думаю, што нашы гісторыкі павінны сесці і правесці маштабнае мерапрыемства, канферэнцыю, абмеркаванне. Я разумею і ўспрымаю патрабаванні многіх грамадзян, якія патрабуюць забараніць гэтую сімволіку і абвясціць гэты сцяг экстрэмісцкім, таму што сапраўды пад гэтым сцягам здзяйснялася шмат злачынстваў супраць беларускага народа. Вядома ж, гэта выклікае абурэнне, але я меркаваў бы, што з улікам таго, што гэты год абвешчаны Годам Усенароднага адзінства, нам трэба вельмі ўважліва паставіцца да гэтай тэмы. Як бы нейкія рэзкія, забароненыя рэчы, рашэнні не прывялі да таго, што гэта наадварот выкліча нейкае адрынанне ў часткі грамадства, калі нават гэта невялікая частка грамадства. Гэта мой асабісты пункт гледжання", — адказаў Макей.

Як вядома, петыцыю за прызнанне бел-чырвона-белага экстрэмісцкім падпісалі каля 100 чалавек. Адваротную петыцыю — больш за 100 тысяч.

Макей падкрэсліў, што рашэнне яшчэ не прынятае. 

Бел-чырвона-белы сцяг улетку і ўвосень 2020-га стаў сапраўдным сімвалам масавых пратэстаў. Пасля гэтага міліцыянты сталі складаць пратаколы амаль за любое спалучэнне белага і чырвонага — нават за лампасы на штанах.

Дарэчы, Макей паведаміў, колькі дыпламатаў звольнілася падчас пратэстаў. Ён абверг звесткі, быццам з МЗС звольнііся 70-100 чалавек. "Калі б 70 або 100 супрацоўнікаў звольніліся, то МЗС перастаў бы працаваць, я павінен сказаць. У нас невялікае міністэрства", — падкрэсліў ён. 

Міністр заявіў, што падчас пратэстаў з МЗС сышлі каля 5-6% супрацоўнікаў. "Частка сышлі самі, частцы з іх прапанавалі сысці, таму што я не разумею падыходу, калі дыпламат хоча працаваць на той ці іншай пасадзе, атрымліваць грошы ад дзяржавы і адначасова палівае брудам гэтую дзяржаву ў сацсетках, у інтэрнэце, у рамках публічных нейкіх заяваў. Для мяне гэта абсалютна непрымальна", — заявіў Макей. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.