Вы тут

Макей: нельга кіраўнікамі назіральнікаў ставіць людзей з негатыўнымі поглядамі

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Еўрапейскія партнёры будуць выбудоўваць адносіны з нашай дзяржавай з улікам вынікаў парламенцкіх выбараў. Пра такую заяву кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея піша TUT.by.

Па словах Макея, Беларусь была абсалютна адкрытая падчас выбараў. А вось заходнія назіральнікі, лічыць ён, прыехалі з заведама негатыўнымі настроямі.

"Ацэнкі выбараў павінны быць непрадузятымі, і нельга прыязджаць на выбары з загадзя ўсталяванымі поглядамі і здагадкамі. Кіраўнікі назіральных місій апошнім часам негатыўна адгукаліся пра нашу краіну. Мая асабістая думка: нельга на такія пасады прызначаць людзей, якія маюць негатыўныя ацэнкі ў адносінах да краіны", — заявіў міністр.

Кіраўнік беларускай дыпламатыі заклікаў у ацэнках выбарчага працэсу глядзець і на тэхнічны бок, і на палітычны кантэкст выбарчай кампаніі. Самае галоўнае, на яго думку, не закрываць вочы на пазітыўныя моманты, якія ёсць у краіне, у тым ліку і ў мінулай выбарчай кампаніі.

Пры ўсім тым Макей мяркуе, што вынікі выбараў не паўплываюць на адносіны афіцыйнага Мінска з заходнімі партнёрамі. Ён паабяцаў надалей працаваць з заходнімі партнёрамі "па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства". 

"І, думаю, у канчатковым выніку мы знойдзем агульныя падыходы па гэтай тэматыцы", — аптымістычна выказаўся ён.

Як паведамляла Еўрарадыё, місія АБСЕ заявіла, што беларускія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам. У знешнепалітычнай служба ЕС канстатавалі: Беларусь упусціла магчымасць правесці выбары па міжнародных стандартах. А Дзярждэпартамент ЗША падкрэсліў, што "да парламенцкіх выбараў у Беларусі ёсць сурʼёзныя пытанні". 

Дарэчы, кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла, што сёлета з выбарчых участкаў была выдаленая рэкордная колькасць назіральнікаў — 70 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.