Макей кажа: “геапалітычныя ворагі”, МЗС папраўляе: “геапалітычныя гульцы”

Макей кажа: “геапалітычныя ворагі”, МЗС папраўляе: “геапалітычныя гульцы”

Міністр замежных спраў Беларусі з афіцыйным візітам наведаў Варшаву, сказаў, што краіна хоча адысці ад моцнай залежнасці ад Расіі і агаварыўся пра “ворагаў”.

10 кастрычніка Уладзімір Макей у Варшаве сустракаецца са сваім польскім калегам Вітольдам Вашчыкоўскім.

На невялікай прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Макей прызнаецца, што міністры абмяркоўвалі дадатковае размяшчэнне кантынгенту войскаў НАТА ў Польшчы і балтыйскіх дзяржавах. Беларусь не ўспрымае гэта як прамую ваенную пагрозу, але лічыць пэўным выклікам і думае пра метады адэкватнага рэагавання.

Па словах міністра, не трэба разглядаць гэты візіт, як намер Беларусі разгарнуцца ад Расіі на Захад.

Макей: “На жаль, і ў мінулым, і цяпер здараюцца пэўныя праблемныя сітуацыі ў нашых адносінах. У першую чаргу, гэта звязана з пытаннем гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, з пытаннямі паставак газу і нафты. У мінулым былі "цукровыя" і "малочныя войны". Мы, вядома ж, разумеем падаплёку, якая хаваецца за гэтымі канфліктамі. Але хачу адназначна запэўніць, што мы заўсёды зыходзілі з таго, што праблемы павінны вырашацца і, тым больш, праблемы паміж блізкімі партнёрамі. Мы думаем, што і цяпер гэтыя пытанні будуць вырашаныя”.

Тым не менш, Беларусь хоча пазбавіцца ад моцнай эканамічнай залежнасці ад усходняй суседкі.

Макей: “Мы не збіраемся адрывацца ад Расіі. Мы разумеем, што ў эканамічным плане Беларусь дастаткова моцна залежыць. Але мы хочам адысці ад гэтай моцнай залежнасці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы, што асабліва непаўнацэнна ў перыяды фінансава-эканамічных крызісаў. Мы былі сведкамі гэтага. Але гэта не значыць, што мы маем намер разарваць усе сувязі з нашым галоўным саюзнікам і партнёрам”.

Не абышлося без кур’ёзаў. Распавядаючы журналістам пра шматвектарную міжнародную палітыку краіны, Макей нечакана называе ЗША… геапалітычным ворагам.

Макей: “Мы мяркуем, што ў нашых нацыянальных інтарэсах развіццё нармальных добрасуседскіх адносінаў з нашымі заходнімі партнёрамі: з краінамі Еўрапейскага саюзу, Еўрасаюзам увогуле ды з іншымі геапалітычнымі “ворагамі” — ЗША і з іншымі цэнтрамі сілы, з Кітаем і гэтак далей”.

Пазней аказваецца, што гэта была агаворка. Паводле стэнаграмы сустрэчы, размешчанай на сайце беларускага ведамства, кіраўнік МЗС меў на ўвазе “геапалітычных гульцоў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі