Магілёўская міліцыя спыніла справу на актывіста за перапост у сацсетках

Магілёўская міліцыя спыніла адміністратыўную справу на Станіслава Паўлінковіча. Пратакол на яго склалі за перапост у сацсетках інфармацыі са старонкі Міколы Статкевіча з заклікам на мітынг “За свабодныя выбары”.

Пра гэта магілёўскі актывіст дазнаўся 5 кастрычніка, калі атрымаў ліст з міліцыі. Як вынікае з ліста, справу спынілі яшчэ 28 верасня з-за “недаказанасці віны”.

Сам Паўлінковіч кажа, што ніякай віны ў тым, што ён зрабіў перапост, няма. Ён плануе і надалей рабіць падобныя перапосты.

Як паведамляла Еўрарадыё, 12 верасня міліцыянты затрымалі Станіслава Паўлінковіча і даставілі ў Ленінскі РАУС. Там яго пратрымалі каля шасці гадзін і склалі пратакол за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах” і адпаведнае палажэнне Адміністратыўнага кодэкса. Такім парушэннем міліцыянты палічылі перапост запісу ў сацсетках з заклікам прыйсці на несанкцыянаваны мітынг.

20 верасня суддзя Валянціна Лапаціна адправіла пратакол у РАУС на дапрацоўку.