Маці Ягора Дуднікава просіць улады Расіі забраць сына з беларускай турмы

Маці Ягора Дуднікава просіць улады Расіі забраць сына з беларускай турмы

Маці расіяніна Ягора Дуднікава просіць Мінюст Расіі ды расійскую амбасаду ў Мінску хадайнічаць пра перавод сына ў Расію для далейшага адбыцця пакарання.

Ягор Дуднікаў асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22-гадовага хлопца асудзілі за агучку пратэсных ролікаў у Беларусі ў 2020-м годзе. Яго прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне варожасці і заклікі ў інтэрнэце да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.

Пасля пераводу ў калонію становішча Дуднікава, як высветліла Бі-Бі-Сі, пагоршала. Адміністрацыя калоніі неаднаразова карала яго за парушэнні правілаў і ў выніку дамаглася яго пераводу ў турму. Крыніца, знаёмая са справай Дуднікава, мяркуе, што такім чынам КДБ помсціць палітвязню за яго публічныя заявы пра выбіванне прызнальных паказанняў пасля арышту ў траўні 2021-га.

Юлія Дуднікава просіць Мінюст Расіі скарыстацца дамовай з Беларуссю, якая дазваляе перадаваць асуджаных у іх родную краіну для далейшага адбывання пакарання.

Па словах маці, у калоніі Ягор планаваў запісацца ў розныя гурткі, але яму адмовілі. "Сталі ўстаўляць палкі ў колы і чапляцца да ўсякага глупства: пыл не так выцер, не так устаў, не так сеў. І ў выніку ўсё запісвалі ў парушэнні, казалі пісаць тлумачальныя. Ён пісаў іх, каб не ісці на канфлікт, а па факце яны павярнуліся супраць яго", — распавядае жанчына.

Яна ўпэўненая, што сына пераследуюць за "палітычны" артыкул. Юлія Дуднікава лічыць, што сыну не дадуць спакойна адседзець тэрмін і будуць пастаянныя дачэпкі: "Нават калі ён адседзіць тры гады ў турме, прыдумаюць нешта іншае".

Спярша сям'я хацела падаваць прашэнне аб памілаванні. Аднак пасля таго, як Ягору ў калоніі налічылі парушэнні, шанцаў на памілаванне не засталося. 

Калі расійскія ўлады згодзяцца дапамагчы Дуднікаву і яго перавядуць у Расію, адбываць тэрмін ён будзе ў калоніі, а не ў турме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі