Маці Клімава: майго сына спрабуюць "замарыць гвалтоўнай галадоўкай"

Маці вядомага палітыка Андрэя Клімава, асуджанага на два гады за артыкул у інтэрнэце, паведаміла, што яе сына спрабуюць "замарыць гвалтоўнай галадоўкай". Па словах жанчыны, у калоніі з прадуктовых перадач сыну канфіскоўваюць макаронныя вырабы, гарбату і іншыя прадукты. Маці палітыка паведаміла, што яе сын цяжка хворы, і турэмная ежа не прымаецца яго арганізмам.

Маці звярнулася да былога адваката Аляксандра Казуліна Ігара Рынкевіча з просьбай дапамагчы прыцягнуць публічную ўвагу да сітуацыі з Андрэем Клімавым, паведамляе “Тэлеграф”.

Як паведамляла Еўрарадыё, жонка палітвязня Таццяна Клімава з 18 кастрычніка не атрымлівае ад яго лісты. У апошнім палітык напісаў: “Я трапіў у пекла. Мне застаецца дажыць да панядзелка, каб убачыць пекла ва ўсёй яго велічы”.

Нагадаем, Андрэй Клімаў быў арыштаваны сёлета 3 красавіка за артыкулы ў Інтэрнэце. Палітыка абвінавацілі ў абразе прэзідэнта і закліках да дзяржаўнага перавароту. Суд, які быў закрытым, прыгаварыў палітыка да двух гадоў калоніі строгага рэжыму.