Вы тут

Лыжка мёду: віно для сэрца і геніталіі для паліцэйскага

Лыжка мёду на Еўрарадыё​

У Чабаксарах усталявалі помнік героям "Вожыка ў тумане", а ў Брытаніі высветлілі, колькі можна піць з карысцю для здароўя. Навошта спявачцы Пінк плаціць штраф за чужое парушэнне і што робяць у Маскве, калі паліцыя просіць паказаць дакументы. 

Пра гэта і не толькі — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.

 

Вожыыыык!

Побач з аэрапортам у Чабаксарах усталявалі помнік героям мультфільма "Вожык у тумане". 

Арт-аб'ект Юрыя Нарштэйна атрымаў назву "МедвЕжонок". Скульптура сімвалізуе жаданне падарожнікаў спазнаваць свет, але заўсёды знаходзіць дарогу дадому.

"МедвЕжонок" / gcheb.cap.ru

Спявачка Пінк хоча аплаціць штраф супраць сексізму

Амерыканская спявачка Пінк прапанавала аплаціць штраф жаночай зборнай Нарвегіі па пляжным гандболе. Ён быў прызначаны за выступ спартсменак на чэмпіянаце Еўропы ў шортах замест бікіні. 

"Я вельмі ганаруся нарвежскай жаночай камандай па пляжным гандболе, якая пратэстуе супраць сексісцкіх правілаў у дачыненні да сваёй формы. Еўрапейскую федэрацыю гандбола варта аштрафаваць за сексізм. Выдатна, дамы. Я з радасцю аплачу ваш штраф. Так трымаць", піша Пінк у Твітары.

Нагадаем, што 18 ліпеня нарвежкі адмовіліся выступаць у бікіні на турніры са зборнай Іспаніі 18 ліпеня. Спартсменкі выйшлі на поле ў шортах, таму што ў бікіні ім было нязручна.

Пінк / sanktpeterburg.bezformata.com

Знойдзены самы вялікі сапфір у свеце

На Шры-Ланцы знойдзены самы вялікі ў свеце зорчаты сапфір вагой 510 кілаграмаў. Яго ацанілі больш чым у 200 мільёнаў долараў. Ужо атрымана некалькі заявак на куплю каштоўнага каменя ад замежных пакупнікоў.

Сапфір за 200 мільёнаў долараў / National Gem and Jewelery Authority

Ваша здароўе

У Брытаніі навукоўцы ацанілі рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў людзей у залежнасці ад дозы штодня спажыванага імі алкаголю. Высветлілася, што тыя, хто выпівае паўбакала віна ў дзень, рызыкуюць менш, чым непітушчыя, прыкладна гэтак жа ў тых, хто выпівае ў дзень келіх віна ці бутэльку піва. 

У сваёй працы навукоўцы выкарыстоўвалі базы дадзеных службаў аховы здароўя Англіі і Шатландыі, а таксама брытанскага біябанку UK Biobank і вынікі папярэдніх 12 даследаванняў.

За келіхамі віна / www.bbc.com

Геніталіі замест дакументаў

У Маскве паліцыянты папрасілі мужчыну паказаць дакументы, а той паказаў ім геніталіі. 

"Гэта і ёсць мае дакументы", — заявіў ён, спусціўшы штаны.

Вядома, што мужчыну 40 гадоў. Яго затрымалі і адправілі на медасведчанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.