Лябедзька: З’езд партыі ператвараецца з тэхнічнага ў палітычнае пытанне

Аб'яднаная грамадзянская партыі не можа знайсці памяшканне для правядзення XI з'езду. Лідэр партыі Анатоль Лябедзька кажа, што яны ўжо атрымалі больш за 20 адмоваў у прадастаўленні памяшканняў ад арганізацый рознай формы ўласнасці. Лябедзька: "Гэта яшчэ раз сведчыць, што правядзенне з'езду палітычнай апазіцыйнай структуры ператвараецца з тэхнічнага ў палітычнае пытанне"

Анатоль Лябедзька паведаміў, што нягледзячы на цяжкасці з пошукамі памяшкання, з'езд Партыі АГП ўсё роўна пройдзе 20 красавіка. Магчыма, на Кастрычніцкай плошчы.

Лябедзька: "Мы не маем намеру мяняць дату. І калі не атрымаем дазвол, мы пойдзем на адкрытую форму, якая будзе і з'ездам, і акцыяй пратэсту"

А.Лябедзька адзначыў, што ў аўторак будзе прапаноўваьц праводзіць з'езд на Кастрычніцкай плошчы. Таксама ён распавёў, што тэхнічна партыя да правядзення з'езду ўжо амаль гатовая, у гэтыя выходныя пройдуць справаздачна-выбарныя сходы і канферэнцыі ў двух пазасталых рэгіёнах. Плануецца, што ў з'ездзе возмуць удзел 230 прадстаўнікоў АГП.

Галоўнымі пытаннямі парадку дня з'езду АГП павінны стаць прыняцце новай стратэгіі партыі і пасланні да Беларусі і яе грамадзянам. Акрамя таго, будуць разглядацца кадравыя пытанні, датычныя ў тым ліку кіраўніцтва партыі.