Лукашэнку прапанавалі праводзіць выбары па партыйных спісах

Лукашэнку прапанавалі праводзіць выбары па партыйных спісах

Сябры Беларускай партыі “Справядлівы свет” прапанавалі кіраўніку Беларусі змяніць існуючую выбарчую сістэму на змешаную і праводзіць выбары па партыйных спісах. Па словах лідара партыі Сяргея Калякіна, такі зварот быў накіраваны таксама ў Палату прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі. Пакуль адказ прыйшоў толькі з парламента.

Калякін: “У лісце з Палаты прадстаўнікоў сказана, што разгледжана наша прапанова ў камісіі па заканадаўстве. Нам падзякавалі за зварот, але заявілі, што для таго, каб увесці змешаную сістэму, неабходна ўнесці змены ў Канстытуцыю. Прычым, па іх меркаванні неабходна ўносіць змены ў артыкулы, якія патрабуюць усенароднага рэферэндуму. Прыблізна такі ж адказ прыйшоў і з Савета Рэспублікі”.

Лідар левых не згодны з тлумачэннем заканадаўцаў. Калякін упэўнены, што ўвядзенне змешанай сістэмы не патрабуе зменаў у Канстытуцыю. Што цікава, з ім згодная і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У каментары Еўрарадыё яна заявіла, што ўзнятае “Справядлівым светам” пытанне могуць вырашыць дэпутаты.

Ярмошына: “Гэта можна ўвесці пры жаданні вельмі хутка: дастаткова адмяніць інстытут адклікання дэпутата і ўсё. Інстытут адклікання знаходзіцца ў трэцім ці чацвёртым раздзеле Канстытуцыі, гэта “Выбарчая сістэма”, і ён не патрабуе зменаў шляхам рэферэндуму. Ён можа быць зменены парламенцкім шляхам”.

Такім чынам, у “Справядлівы свеце” чакаюць толькі адказу ад кіраўніка краіны. Сяргей Калякін кажа, што ўлада будзе гатовая да такога рашэння толькі тады, калі створыць сваю “партыю ўлады”. І такой партыяй можа стаць “Белая Русь”, калі надаць ёй адпаведны статус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі