Лукашэнку паказалі спецтэхніку КДБ для нейтралізацыі беспілотнікаў
9 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведаў адзін з аб'ектаў урадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, перадае БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы паведамілі аб распрацоўцы сістэм рухомай урадавай радыёсувязі, паказалі лінейку сродкаў сувязі і апаратуры шыфравання, у тым ліку абароненай мабільнай тэлефоннай сувязі.
Раней у вузле сувязі былі задзейнічаныя чатыры машыны і 11 чалавек. Цяпер беларускія спецыялісты распрацавалі сучасны рухомы вузел сувязі з дзвюх машын з экіпажам сем чалавек. У 2020 годзе плануецца прыняць на ўзбраенне вузел сувязі наступнага пакалення — мікрааўтобус з экіпажам тры чалавекі.
Таксама кіраўніку дзяржавы паказалі рухомы комплекс тэхнічнага кіравання контртэрарыстычнай аперацыяй. Ён здольны не толькі запускаць дроны, але і выяўляць і нейтралізаваць беспілотнікі. Цяпер ён праходзіць дзяржаўныя выпрабаванні.
Лукашэнка заявіў, што гэтыя распрацоўкі ён будзе падтрымліваць. "На гэта грошай шкадаваць не трэба, я цвёрда перакананы. Але пасля таго, як альтэрнатыўныя падраздзяленні мне даложаць, што вы сапраўды эфектыўныя, вычарпалі ўсякія рэзервы і вам патрэбная дапамога", — дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што з часам гэтае падраздзяленне будзе выведзенае са складу КДБ і будзе працаваць незалежна.
Акрамя таго, Лукашэнка таксама, што даваў даручэнне начальніку Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэю Паўлючэнку падчас нядаўняга дакладу. "Нам трэба сур'ёзна паглядзець па асобных напрамках кантролю — слыхавога, відэа і гэтак далей. Тут нам трэба дасканаласць, каб не было разбою: захацеў нейкі начальнік кагосьці праслухаць — праслухаў, потым прадаў інфармацыю або камусьці распавёў. Гэтага быць не павінна", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.