"Лукашэнку цяпер вельмі няўтульна і некамфортна". Рэакцыі на арышт Мадура

Удары па Каракасу

Удары па Каракасу / Коллаж LRT

"Лукашэнка насамрэч вельмі баіцца “нападу”, сілавога звяржэння. Мы жартуем, іранізуем з яго шматлікіх заяваў на гэты конт, але ж ён не прыкідваецца, калі, напрыклад, гаворыць пра “джыпы з кулямётамі з боку літоўскай мяжы”, — піша палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў, разважаючы пра аперацыю ЗША па арышце Нікаласа Мадура і яго жонкі.

"І сёння яму ў галаву прыходзіць падступная думка: калі такое адбылося ў Венесуэле — чаму такое не можа адбыцца ў Беларусі? Толькі таму, што ёсць сябар Вова? Але гэта велічыня зменная. Ды і сам жа ён казаў, што сяброў у яго няма".

Цыганкоў звяртае ўвагу на твітар дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа, у якім той заявіў, што ЗША не лічаць Мадура легітымным кіраўніком дзяржавы.

"Так што ЗША не звяргалі законнага кіраўніка краіны — яны правялі, трэба сказаць, бліскучую спецаперацыю па затрыманні кіраўніка наркакартэля. Проста было забяспечана выкананне ордэра на арышт.

І яшчэ невядома, якія дэталі супрацоўніцтва з мінскімі таварышамі выдасць арыштаваны Мадура. І хто там апынецца памагатымі “кіраўніка наркакартэля”.

Лукашэнку цяпер вельмі няўтульна і некамфортна. Балюча разумець, што атачэнне Мадура, як вынікае з вядомай на сёння інфармацыі, відавочна яго здало, не аказаўшы супраціву. Балюча разумець, што амерыканскі спецназ — некалькі дзясяткаў чалавек — за 30 хвілін зрабіў тое, супраць чаго нібыта гадамі рыхтаваліся ўзброеныя сілы краіны. Балюча падазраваць, што той самы сябар Вова ў выпадку нейкай “вялікай здзелкі” можа аддаць цябе ў лапы імперыялістаў або замяніць на яшчэ больш паслухмянага. Сірыйскаму Асаду Вова нічым не дапамог. А тут яшчэ Іран на падыходзе", — падсумоўвае Цыганкоў.

Увогуле, даўно пара

Філосаф Уладзімір Мацкевіч таксама адрэагаваў на аперацыю спецсіл ЗША ў Каракасе, разважаючы, чаму гэта адбылося цяпер, а не, напрыклад, у 2022 годзе.

“Увогуле, даўно пара. Хаця бомбы — гэта заўсёды дрэнна, але часам неабходна, як найменшае зло. Вось чаму! Чаму нельга было ўсё зрабіць без гвалту? Быў зручны момант — Хуан Гуайдо выйграе выбары, яго нават прызнаюць нібыта прэзідэнтам, або выконваючым абавязкі. Але ніякага плёну з гэтага не было.

І “30 снежня 2022 года ў альтэрнатыўным дзяржаўнаму апазіцыйным ‘заканадаўчым сходзе’ за роспуск ‘часовага ўрада’ Хуана Гуайдо прагаласавалі 72 з 104 прадстаўнікоў. У сувязі з гэтым рашэннем пасольства Венесуэлы ў ЗША, кантраляванае прыхільнікамі Гуайдо, з 5 студзеня 2023 года спыніла сваю працу”, — піша Мацкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.