Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў дамагчыся больш высокага паказчыку валавога ўнутранага прадукта, паведамляе БЕЛТА. Прагнозы ўрада не задавальняюць Аляксандра Лукашэнка Аб гэтым ён сёння заявіў на нарадзе па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 9 месяцаў бягучага года, а таксама праектах прагнозу развіцця, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год.
"Мы спрачаемся, які ВУП павінен быць у 2008 годзе. Пры такім высокім попыце на нашу прадукцыю прырост ВУП павінен быць 20%", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што нарастаючае адмоўнае сальда замежнагандлёвай дзейнасці пагражае развіццю беларускай эканомікі.
"Калі ў наступным годзе рост адмоўнага сальда працягнецца цяперашнімі тэмпамі, пад пагрозай апынуцца ўсе нашы дасягненні", — адзначыў Лукашэнка.
Між тым, па цяперашніх тэмпах росту ВУП (8,4%) Беларусь ужо пераўзыходзіць Францыю (там ВУП вырас толькі на 2-2,5%) і ЗША, якія радуюцца 3,9%-му росту. Больш за тое, нашай краіне амаль нічога не засталося, каб дагнаць Расію (усяго 0,2%). І ужо думаем, як перагнаць Кітай (11,5%).