Вы тут

Лукашэнка — ураду: свабодных грошай, шальных грошай няма

Разглядаюцца дакументы / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

21 студзеня Аляксандр Лукашэнка з кіраўніцтвам ураду абмяркоўвае сацыяльна-эканамічную сітуацыю. Як паведамляе БЕЛТА, разглядаюцца пяць падрыхтаваных дакументаў — чатыры ўказы і закон, "якія закранаюць розныя сферы жыцця грамадства".

"Яны датычацца фармавання інвестыцыйнай праграмы на бягучы год і рэалізацыі асобных найбольш значных праектаў, — гаварыў Лукашэнка. — Акрамя таго, разгледзім пытанні ўдасканалення дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, развіцця сфер электраэнергетыкі, аграэкатурызму".

Ён адзначыў, што ўсе агучаныя тэмы "аб'ядноўвае адно — актуальнасць для нашай дзяржавы". Па словах Аляксандра Лукашэнкі, асаблівую ўвагу трэба звярнуць на "мэтазгоднасць, эканамічную эфектыўнасць і сацыяльную справядлівасць".

Сярод дакументаў — Дзяржаўная інвестыцыйная праграма. Праектам прадугледжана пабудова амаль 130 аб'ектаў (установы адукацыі, аховы здароўя, спорту і г. д.) на суму больш за 600 млн рублёў. Лукашэнку цікавіла, ці абгрунтаванае фінансаванне кожнага аб'екта.

"Ці няма ў ім [праекце] празмернасцяў?, цытуе яго словы sb.by. — Свабодных грошай, шальных грошай няма... Любое зацягванне тэрмінаў іх [праектаў] рэалізацыі — гэта фінансавыя страты, якія хтосьці будзе вымушаны аплаціць…".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.