Лукашэнка: як можна было інжынера МЗКЦ 4 гады трымаць за кратамі?

Лукашэнка: як можна было інжынера МЗКЦ 4 гады трымаць за кратамі?

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра "распушчанасць праваахоўных органаў". 13 жніўня ён сустрэўся са старшынём Следчага камітэта Іванам Наскевічам. Лукашэнка сказаў, што яго насцярожвае "празмернае зацягванне следчых дзеянняў". Ён згадаў справу былога галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача.

"Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішкам года і так нічога ў судзе не даказалі,цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар (нават не ў турму, а ў следчы ізалятар — розніца зразумелая) і трымаць яго ў чатырох сценах чатыры гады? Трымаць гэтага чалавека і пасля за недаказанасцю адпусціць".

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што даручаў Аператыўна-аналітычнаму цэнтру разабрацца ў згаданай справе. І, відаць, вынікі не на карысць СК. Лукашэнка паабяцаў, што будзе разбірацца з генпракурорам, які мусіць наглядаць за крамінальнымі справамі і выкананнем закона.

Галоўнага інжынера МЗКЦ чацвёрты раз апраўдалі ў судзе ў сярэдзіне ліпеня. Суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Галавача невінаватым у атрыманні хабару і злоўжыванні ўладай.  На адвакатку Веру Арэшка, якая абараняла Андрэя Галавача, распачыналі крымінальныя справы — за разгалошванне звестак папярэдняга следства і за незаконнае захоўванне зброі. Але іх у выніку спынілі.

Па словах Лукашэнкі, справа Галавача стала апошняй кропляй. Ён збіраецца правесці нараду з сілавікамі (найхутчэй на наступным тыдні).

Наскевіч назваў справу Галавача "рабочай сітуацыяй". "Следства і абвінавачанне палічыла, што віна даказаная, суд палічыў, што доказаў недастаткова", — сказаў старшыня СК. Ён адзначыў, што пракуратура апратэставала апраўдальны прысуд і хутка будзе чарговае пасяджэнне суда, на якім разгледзяць апеляцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі