Вы тут

Лукашэнка: я ад каранавіруса не хаваюся, малодшы сын ходзіць у школу

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка сам ад каранавіруса не хаваецца, і яго малодшы сын Мікалай ходзіць у школу. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў падчас паездкі на прадпрыемства "Белгіпс" 27 сакавіка.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што ён забараніў нейкія дадатковыя (па яго словах — "лішнія") мерапрыемствы. 

"А то атрымаецца, што людзям я кажу адно, а сам схаваўся нават не за гіпсавыя перагародкі, а за жалезабетон. Не, нічога асаблівага. Пра гэта прэс-сакратар нядаўна гаварыла. Гэта вельмі цікавіла нашу апазіцыю. Абсалютна нармальнае жыццё", — перадае БЕЛТА яго словы.

Таксама кіраўнік Беларусі паведаміў, што яго малодшы сын Мікалай працягвае хадзіць у школу. (З панядзелка пачнуцца вясновыя школьныя вакацыі). 

"У мяне, можа быць, і ёсць такая магчымасць, каб дзіця было ізаляванае, але я яго не ізалюю", — падзяліўся падрабязнасцямі Лукашэнка. Са словаў сына ён расказаў, што цяпер у школу не прыходзяць да паловы вучняў: іх не пускаюць бацькі, баючыся заражэння каранавірусам. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бацькі маюць на гэта права. 

Таксама ён заклікаў на будучых вакацыях паклапаціцца пра старых людзей, якія трапляюць у зону рызыкі. Між тым, менавіта да бабуляў і дзядуляў могуць адправіць школьнікаў на вакацыях. Лукашэнка падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра каранавірус, але і пра іншыя інфекцыі, якія цыркулююць у гэты перыяд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.