Лукашэнка — пра смерць Бандарэнкі: міліцыю сталі абвінавачваць у чарговы раз

Лукашэнка — пра смерць Бандарэнкі: міліцыю сталі абвінавачваць у чарговы раз

Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным Рамана Бандарэнкі. Зрабіў ён гэта ў пятніцу падчас інтэрв'ю шэрагу СМІ. Лукашэнка заявіў, што трымае расследаванне абставін смерці 31-гадовага мінчука пад асабістым кантролем.

"Я шчыра спачуваю бацькам..., — гаварыў ён. — Калі чалавек сыходзіць з жыцця, гэта кепска. Тым больш малады чалавек".

Лукашэнка заявіў, што цікавіўся расследаваннем і ў чацвер увечары, і раніцай у пятніцу.

Лукашэнка: "А сёння раніцай, паколькі ўсё ж міліцыю сталі абвінавачваць у чарговы раз, я патэлефанаваў генпракурору і сказаў: "Вазьміце пад самы сур'ёзны кантроль расследаванне". Каб пасля не казалі, што "міліцыя сама расследавала"...

31-гадовы мінчук Раман Бандарэнка 12 лістапада памёр у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Напярэдадні яго збілі невядомыя ў масках на "Плошчы Перамен" ў сталіцы, дзе яны зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Бандарэнка выйшаў з кватэры пасля іх прыезду і нешта ім сказаў. Яго завезлі на мікрааўтобусе ў РУУС Цэнтральнага раёна, а туды праз некалькі гадзін была выклікана хуткая дапамога. Выратаваць жыццё мужчыне лекары не змаглі. Медыкі абверглі паведамленне Следчага камітэта пра тое, што Раман Бандарэнка быў п'яны. СК назваў абаронцаў бел-чырвона-белай сімволікі "агрэсіўна настроенымі", а міліцыя напісала пра тых, хто збіваў і затрымліваў Рамана, што яны "неабыякавыя грамадзяне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі