Лукашэнка тэнісістам: трэніруйцеся ў маёй рэзідэнцыі, "асабліва зімой"

Аляксандр Лукашэнка наведаў у Мінску Гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву па тэнісе. Ён распавёў, як трэба арганізаваць адбор перспектыўных спартоўцаў, на прыкладзе тэнісу.



"Самае галоўнае — гэта сістэма, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Нам трэба выбраць паўсотні перспектыўных талковых хлопчыкаў і дзяўчынак з тых, хто ёсць, і каб потым хаця б двое-трое змагаліся за самыя высокія месцы ў сусветным рэйтынгу. Мы можам гэта зрабіць, і для такіх дзяцей і іх трэнераў трэба стварыць ідэальныя ўмовы".



Пры гэтым у гэты працэс павінны быць уцягнутыя ўсе тэнісныя цэнтры, якія працуюць у Беларусі: дзяржаўныя і прыватныя.



Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што працэс адбору павінен быць выключна сумленным і грунтавацца менавіта на спартыўным патэнцыяле юных спартоўцаў. А тым перспектыўным дзецям, чые бацькі не могуць аплачваць прафесійныя заняткі спортам, павінна быць аказана неабходная падтрымка.



Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і сам гатовы пры неабходнасці ў гэтым удзельнічаць. Ён, у прыватнасці, прапанаваў выкарыстаць для трэніровачнага працэсу корты, размешчаныя на тэрыторыі яго рэзідэнцыі ў Драздах. "Я гатовы падключыцца, калі трэба. Вазьміце самых лепшых, няхай там трэніруюцца, асабліва зімой. У нас у краіне дастаткова інфраструктуры, каб рыхтавацца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Ён мяркуе, што ў жаночым тэнісе Беларусь можа "спакойна мець двух-трох спартсменак, якія будуць змагацца на ўзроўні Марыі Шарапавай і Вікторыі Азаранкі". Але для гэтага трэба выбудаваць сістэму. І распаўсюдзіць яе на іншыя віды спорту.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі