Лукашэнка: Эліта нашага грамадства хоча ведаць, чаго Расія хоча ад Беларусі

Лукашэнка: Эліта нашага грамадства хоча ведаць, чаго Расія хоча ад Беларусі

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”, якое было паказанае ў праграме “Галоўны эфір” (у Сочы з ім размаўляў Андрэй Крывашэеў), расказаў “пра недасказанае” па выніках нядаўняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Па словах Лукашэнкі, перамовы прайшлі ў вельмі сяброўскай атмасферы і “нічога канспіратыўнага, тайнага” ў іх не было.

“Самае важнае сапраўды засталося за кадрам”, — адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы згадаў агляд СМІ, які яму падрыхтавала прэс-служба. Там ён прачытаў пра “страхі і жахі для Лукашэнкі ў будучым”. “Па-першае, мне ўжо нічога не страшна, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Я — чалавек, які прайшоў праз многія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна страхам назваць. Гэта эканоміка. Я заўсёды пра гэта гавару. Калі будзе ў нас развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хаця б як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў. Ні знешняя агрэсія, што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас хтосьці падначаліць, растворыць. Ніякіх страхаў больш няма, акрамя эканомікі”.

З Пуціным яны гаварылі пра пытанні міжнародных дачыненняў, пра сітуацыю ў ЗША. Аляксандр Лукашэнка вельмі падрабязна “распытваў-дапытваў” расійскага прэзідэнта наконт таго, што ж адбываецца, з кропкі гледжання Расіі, у Злучаных Штатах. Лукашэнка нагадаў, што “моцна балеў за Дональда Трампа”, але цяпер не ва ўсім яго падтрымлівае: “Але ваяваць з усім светам, у тым ліку і ў гандлі, напэўна не зусім правільна”.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра добрыя адносіны з усходнім суседам: “Як Расія для нас, так і Беларусь для Расіі з’яўляецца анёлам-ахоўнікам”.

Ён зноў сказаў, што беларусы і расіяне “родныя людзі”. “Нашая залежнасць, найперш у эканоміцы, ад Расійскай Федэрацыі вялізная”, — прызнаў беларускі кіраўнік.

Супярэчнасцяў у дачыненнях краін хапае, але ў Лукашэнкі з Пуціным яны вельмі блізкія, размаўляюць лідары “як родныя людзі… абсалютна адкрыта, нават па абсалютна асабістых пытаннях (нават прэс-сакратары гэта баяцца абмяркоўваць)”. Нягледзячы на тое, што яны сябры, часам “жорстка ставім пытанні адзін перад адным”.

Лукашэнка ў Сочы спытаў у Пуціна: “Слухай, а чаго ты паехаў на вяселле [ў Аўстрыю]? У чым прычына гэтага? Мне не зусім зразумела: прэзідэнт вялізнай краіны едзе на вяселле”. Аказваецца, прычына “у пуцінскіх чалавечых якасцях”, кажа беларускі кіраўнік. Уладзімір Пуцін вельмі падрабязна яму расказаў пра гэты візіт на вяселле.

Лукашэнка: Эліта нашага грамадства хоча ведаць, чаго Расія хоча ад Беларусі
Скрыншот з відэа “Беларусь 1”.

У Расійскай Федэрацыі “ідыёты” пішуць, спрабуюць прынізіць Беларусь, яе кіраўніка і такім чынам зарабляюць грошы, гаварыў у інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка. “Я сабе пазначыў па прачытанні агляду: “Ідыёты ў Расіі”, — сказаў ён. Гаворка пра публікацыю, што Лукашэнка, карыстаючыся санкцыямі супраць Расіі, хоча нешта ў яе запатрабаваць, “нахіліць” яе.

“Калі Расія пад санкцыямі, нам вельмі кепска, — прызнаўся беларускі кіраўнік. — ...Калі ў Расіі добра, Расія можа дастаткова купіць у нас нашых тавараў і больш таго, калі патрэбна, і дапамагчы нам, што яна і рабіла адпаведнай фінансавай падтрымкай і г. д.”.

Эліта нашага грамадства хоча ведаць, чаго Расія хоча ад Беларусі, — сказаў Лукашэнка Пуціну. Бо расійскім бокам нярэдка не выконваюцца дамоўленасці, у СМІ з’яўляюцца прэтэнзіі, беларускае харчаванне блакуецца пры пастаўках у РФ. “І мы хочам адказу ад уладаў Расіі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, простыя людзі ў Расіі добра адносяцца да беларусаў. Згадаў футбаліста “Зеніта” Арцёма Дзюбу (гэта пры яго актыўным удзеле нядаўна было разгромлена мінскае “Дынама” — 8:1), які пісаў, што беларусы — браты. Што адказаў Уладзімір Пуцін, невядома.

Лукашэнка назваў некаторыя пытанні, які абмяркоўваліся на сустрэчы ў Сочы: будаўніцтва АЭС і яе кошт, аўтамабільныя перавозкі (“Нас выкідваюць з гэтага рынку”), АДКБ. Беларускі кіраўнік патлумачыў, чаму не паехаў з Пуціным на турнір па прафесійным самба: “Няма ніякай канспіралогіі”. У Аляксандра Лукашэнкі былі іншыя планы, а прапанова аказалася “некалькі нечаканай”. Пуцін, дарэчы, не настойваў. “За плотам ён жыве”, — сказаў Лукашэнка. Яму захацелася паглядзець, “як змяніўся Сочы”, патэлефанаваў расійскаму прэзідэнту, і той “аддае сваю яхту”.

У інтэрв’ю быў згаданы новы расійскі пасол Міхаіл Бабіч. “Ён можа і не зусім “цяжкавагавік”, але чалавек у палітыцы “цяжкі”, — кажа Аляксандр Лукашэнка. Аказваецца, яму патэлефанаваў Пуцін і пацікавіўся, ці не будзе ён пярэчыць такому прызначэнню. Лукашэнка не пярэчыў. “А тое, што Бабіч тут нечым будзе кіраваць, гэта глупства”, — сказаў беларускі кіраўнік. Паводле яго слоў, прызначэнне Бабіча ў Сочы яны не абмяркоўвалі. Тое, што на наступны дзень яго прызначылі, гэта “абсалютная выпадковасць”.

Не называючы прозвішча першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што няпраўдай з’яўляюцца публікацыі пра планы яго прызначэння паслом у Расіі. Пра кандыдатуру ён яшчэ не думаў, але абяцае знайсці “годнага чалавека”.

Лукашэнка і Пуцін “у некалькі бліжэйшых дзён дамовіліся сустрэцца ў шырокім фармаце”, у Сочы ці ў Маскве, з удзелам прэм’ераў. Яны збіраюцца абмеркаваць праблемы, якія датычаць найперш урадаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі