Лукашэнка распавёў, як будзе змагацца з бюракратыяй: Імгненна адсекчы ўсё лішняе

Лукашэнка распавёў, як будзе змагацца з бюракратыяй: Імгненна адсекчы ўсё лішняе

17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў чарговую нараду па аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўных органаў. Ён прапанаваў ва ўдасканаленні кіраўніцкай сістэмы дамагацца вынікаў не лікам, а ўменнем. 

"Не раздзімаць бюракратычны апарат, а сістэмна фармаваць кампактную структуру і эфектыўную мадэль кіравання. Перш за ўсё нам варта імгненна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Кожны чалавек, які працуе ў дзяржаўных структурах, павінен мець перад сабой пэўную мэту і выконваць пэўныя задачы. Калі гэтыя людзі такім чынам загружаныя, значыць, яны дадуць вынік", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Прэзідэнт падкрэсліў, што аптымізацыя — гэта не разавы працэс, прывязаны да пэўнай даты. Удасканальваць дзейнасць дзяржаўных органаў неабходна пастаянна.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што аптымізацыя дзейнасці дзяржорганаў палягае не толькі ў скарачэнні колькасці. "Трэба паглядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаўных органах краіны. На гэта, дарэчы, звяртае ўвагу і насельніцтва, калі мы праводзім сацыялагічныя апытанні. І, сустракаючыся на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур, я казаў пра тое, што нам трэба аптымізаваць працэсы", — патлумачыў ён. 

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў "дзяржаўных структурах працуюць самыя пісьменныя, дасведчаныя і падрыхтаваныя людзі, ад якіх залежыць функцыянаванне дзяржавы". 

Таксама Лукашэнка заявіў, што дзяржорганы ў невялікіх гарадах, раёнах, а таксама пасялковыя і сельскія саветы скарачаць няма патрэбы. 

Праект указа па аптымізацыі прадставіў на нарадзе прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Лукашэнка ўхваліў дакумент і даручыў дапрацаваць ўказ на працягу года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі