Вы тут

Лукашэнка пра Курапаты: “Якія да мяне прэтэнзіі? Там па-вялікаму хадзілі”

Раман Пратасевіч\ Еўрарадыё 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на тэме Курапатаў выраслі шматлікія апазіцыйныя палітыкі. У зносе крыжоў кіраўнік Беларусі не заўважыў нічога не звычайнага.

“Якія да мяне прэтэнзіі?  — паведамляе сайт president.gov.by. — Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на “Вялікай размове” я сказаў: “Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзідэнту і тут парадак навесці, я паспрабую. Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысцілі гэтую тэрыторыю, абгарадзілі лёгкай агароджай. Там яшчэ не скончана. На плот мы вывесім кветкі, як на праспекце Пераможцаў на раздзяляльнай паласе. Мы зробім вароты, каб туды людзі маглі зайсці і выйсці”.

Лукашэнка дадаў, што ў Курапатах не было прыбіральні, а некаторыя людзі хадзілі туды спраўляць фізіалагічныя патрэбы.

“Стаіць за дрэвам гультай, “бел-чырвона-белы сцяг”, і палівае гэта дрэва. Там жа ні прыбіральняў, нічога не было. Яны прыйшлі  — хто пракалоўся, хто нанюхаўся гэтай дрэні... Ёсць некаторыя, хто і па-вялікаму там. Але, самае галоўнае, не было абгароджана: людзі выгульвалі сабак на гэтых магілах, па галаве людзей, якія там ляжаць, якім не трэба гэтая палітыка”.