Лукашэнка перакананы, што дактароў і медсясцёр у Беларусі хапае
![Стэтаскоп, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/stetoskop_10_08.jpg.webp?itok=6UboZXtF)
Стэтаскоп, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі няма дэфіцыту медработнікаў, мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Дактароў і медсясцёр у краіне хапае, заявіў ён сёння ў Гродне. Пра гэта піша Sputnik.
"Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку дактары, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы", — патлумачыў сваё бачанне праблемы Лукашэнка. На Захадзе, паводле яго, дактары працуюць суткамі. "Гэта я ведаю дакладна", — дадаў ён. Больш за тое, Лукашэнка заявіў, што і ў Беларусі дактары ў найлепшых клініках зарабляюць "вельмі прыстойныя грошы".
Нагадаем: паводле статыстыкі, у краіне адчуваецца дэфіцыт медработнікаў. Увосень мінскія шпіталі і паліклінікі шукалі 1 806 медсясцёр і 1 541 доктара. У лістападзе Камітэт працы і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама схаваў статыстыку і больш не публікуе колькасць адкрытых вакансій для канкрэтных спецыяльнасцяў. Міністэрства адукацыі, каб вырашыць праблему недахопу кадраў у сістэмах аховы здароўя і адукацыі, практычна адмовілася ад платнай адукацыі ў ВНУ па гэтых спецыяльнасцях. Колькасць бюджэтных месцаў павялічаная. Бюджэтнікі затым павінны будуць адпрацаваць па размеркаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.