Вы тут

Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі

Першыя крокі на волі / З архіву Reuters

18 траўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, раней прыняты парламентам, паведамляе БЕЛТА. Ён прымеркаваны да 75-х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па звестках МУС, на волю выйдзе каля 5,4 тысячы чалавек. У іх лік трапляюць цяжарныя жанчыны, непаўналетнія, жанчыны і адзінокія мужчыны, у якіх ёсць дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, пенсіянеры, інваліды першай і другой групаў, ветэраны баявых дзеянняў, а таксама асобы, якія атрымалі раненні падчас праходжання службы. Пад амністыю трапляюць і пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і яшчэ некаторыя катэгорыі асуджаных і абвінавачаных.

Каля 6,4 тысячы чалавек па амністыі будзе скарочаны тэрмін пазбаўлення ці абмежавання волі на адзін год. Гэта тыя катэгорыі асуджаных, якія не падлягаюць поўнаму вызваленню ад крымінальнай адказнасці. У адрозненне ад амністыі 2019 года, кола гэтых асоб пашырылі за кошт асуджаных за карупцыйныя злачынствы, за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, але не ўсіх.

Амністыя будзе праводзіцца на працягу шасці месяцаў.

Амністыя 2019 года была прымеркавана да 75-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна закранула 6 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2 тысяч вызвалілі з месцаў адбыцця пакарання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.